Жамшид Ходжаев и Юрий Шулейко. Фото: t.me/government_by
Беларусь і Узбекістан дамовіліся аб запуску сямі новых сумесных вытворчасцяў агульным коштам 164 млн долараў. Пра гэта паведамілі ў сакратарыяце намесніка прэм’ер-міністра Жамшыда Хаджаева, піша Spot.
Намеснікі прэм’ер-міністраў Беларусі і Узбекістана Юрый Шулейка і Жамшыд Хаджаеў падчас III Форуму рэгіёнаў дзвюх краін падпісалі план развіцця супрацоўніцтва на 2026–2030 гады, які ахоплівае шэсць прыярытэтных напрамкаў.
План прадугледжвае павелічэнне ўзаемнага тавараабароту да 2 млрд долараў, развіццё прамысловай кааперацыі і рэалізацыю новых сумесных праектаў. Супрацоўніцтва ахопіць шэсць прыярытэтных напрамкаў: электратэхнічную і лёгкую прамысловасць, сельскую гаспадарку, фармацэўтыку, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў і мэблевую галіну.
Акрамя таго, бакі зацвердзілі графік узаемных візітаў рэгіёнаў на 2026–2027 гады і падпісалі 14 міжрэгіянальных пагадненняў.
Хаджаеў адзначыў, што Беларусь і Узбекістан ужо рэалізуюць сумесныя праекты па вытворчасці кабельнай прадукцыі, трактароў, лекавых прэпаратаў, перапрацоўцы мяса птушкі і зборцы кар’ернай тэхнікі.
У рамках форуму таксама быў дадзены старт сямі новым праектам агульным коштам 164 млн долараў. Сярод іх — стварэнне комплексу па афарбоўцы і сушцы трыкатажнага палатна ў Андыжанскай вобласці, першы этап птушкагадоўчага кластара ў Ташкенцкай вобласці, а таксама праекты па захоўванні, шокавай замарозцы і перапрацоўцы плодаагародніннай прадукцыі ў Ферганскай вобласці.