Фото: Пул первого
Беларусь і Узбекістан падпісалі дэкларацыю аб стратэгічным партнёрстве і шэраг іншых дакументаў па выніках візіту ўзбекскага прэзідэнта ў Мінск.
Дэкларацыя аб устанаўленні адносін стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Узбекістанам была падпісана Аляксандрам Лукашэнкам і Шаўкатам Мірзіёевым.
«Гістарычны крок. Дакумент афіцыйна замацоўвае высокі ўзровень двухбаковых адносін, заснаваных на прынцыпах раўнапраўя, узаемнай павагі, даверу і ўліку інтарэсаў адзін аднаго. Гэта надасць дадатковы імпульс сумеснай працы ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, культурна-гуманітарнай сферах, у галіне бяспекі, процідзеяння сучасным выклікам і пагрозам», — пракаментаваў падпісанне Лукашэнка.
Таксама віцэ-прэм’еры Юрый Шулейка і Жамшыд Хаджаеў падпісалі дарожную карту па развіцці гандлёва-эканамічнага і сацыяльна-гуманітарнага супрацоўніцтва на 2026–2030 гады.
Міністэрствы фінансаў дзвюх краін падпісалі мемарандум аб узаемадзеянні. Таксама падпісаны мемарандумы ў сферах працы і сацыяльнай абароны, сельскай гаспадаркі, навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, фундаментальных і стратэгічных даследаванняў, культуры і мастацтва, турызму, лёгкай прамысловасці.