Фото: порт Бронка
Беларусь адправіла праз расійскія парты 4,1 млн тон экспартных грузаў у студзені-сакавіку. Такія даныя прывёў на пасяджэнні групы высокага ўзроўню Саюзнага Саўміна кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой.
Паводле яго слоў, транспартаванне грузаў вядзецца праз 13 расійскіх партоў. У перспектыве будуць прапрацоўвацца маршруты з далёкімі расійскімі рэгіёнамі.
Цікава, што нядаўна міністр транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч у інтэрв’ю беларускаму тэлебачанню заяўляў, што ў першым квартале адгрузкі праз парты РФ выраслі на 11%. Аднак ён не называў аб’ём перавалкі ў абсалютных значэннях. Акрамя таго, паводле версіі Ляхновіча, экспарт вядзецца праз 9 партоў, у асноўным праз парты Санкт-Пецярбурга.
Крутой сёння заявіў, што ў мінулым годзе абарот тавараў і паслуг паміж Беларуссю і РФ склаў 62 млрд долараў, павялічыўшыся на 6,2%. У першым квартале гэтага года, паводле яго слоў, абарот вырас на 13,5%, таму Крутой разлічвае на дасягненне паказчыка ў 70 млрд долараў па выніках года.
“У гэтым годзе мы завяршаем трохгадовы цыкл выканання асноўных напрамкаў рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024-2026 гады. Да канца года нам трэба будзе напружаная праца, паколькі на бягучы момант выканана крыху больш за палову з запланаваных 310 мерапрыемстваў”, — сказаў ён, перадае БелТА.
Крутой таксама абазначыў тэматыку абароны сумеснага рынку.
“Гэта сістэмная сумесная прэвентыўная работа пры ўвядзенні новых рэгулятыўных механізмаў з дбайным аналізам наступстваў іх прымянення, у першую чаргу на аб’ёмы ўзаемнага гандлю. Разлічваем, што запуск работы камітэта па стандартызацыі і якасці Саюзнай дзяржавы стане дадатковым фільтрам тавараў, якія паступаюць, прадухіліць бар’еры ва ўзаемным гандлі, гандлі з трэцімі краінамі”, — дадаў ён.
Гаворка ішла і пра пастаўкі мясной і малочнай прадукцыі.
“Важна працягваць гэты добры міжведамасны дыялог, які завязаўся паміж нашымі галіновымі ведамствамі і рэгулятарамі па выкананні гэтых прагнозных балансаў, барацьбе з фальсіфікатам, а таксама выпрацоўцы стратэгіі развіцця саюзнай сельскагаспадарчай галіны на перспектыву. Лічу, што ў гэтым годзе мы павінны выйсці на стварэнне канцэптуальнага нерамкавага дакумента ў сферы аграрнай палітыкі”, — сказаў ён.