Аляксей Палуян атрымаў першую прэмію на Berlinale Talents Lab Awards за фільм «Інкубатар», які распавядае пра вайну ва Украіне і сурагатнае мацярынства

Беларускі рэжысёр Аляксей Палуян атрымаў узнагароду Berlinale Talents Lab Awards. Узнагароджанне адбылося на фестывалі ў Канах.

«Першы раз у Каннах, і таксама першая ўзнагарода для майго новага праекта, уручаная культавым рэжысёрам Том Тыкверам», – паведаміў рэжысёр у сацсетках.

Ініцыятыва Berlinale Talents прапануе дапамогу ў кар’еры творчым людзям з кінаіндустрыі і з’яўляецца праграмай падтрымкі Берлінскага міжнароднага кінафестывалю (Berlinale). Праект Аляксея Палуяна разам з яшчэ двума ўдзельнікаімі быў выбраны журы з 18 заявак.

Паводле журы, «прэмія Gold Rush Pictures Berlinale Talents Lab адзначае праекты, дзе ўнікальны мастацкі голас сустракаецца з сапраўднай актуальнасцю. З моцных і разнастайных праектаў 18 чалавек журы выбрала тры, якія спалучаюць адважнае бачанне з эмацыйнай дакладнасцю і выразным пачуццём аўтарства. Гэта фільмы, якія ператвараюць асабістыя гісторыі ў рэзанансныя кінематаграфічныя перажыванні».

Кожны пераможца атрымаў грант у памеры €5,000 ($5,820), а таксама падтрымку на іх знаходжанне на Канскім кінафестывалі.

«Інкубатар» – гэта вострая драма на стыку дзвюх трагедый. Галоўная гераіня, 35-гадовая беларуска Марыя, становіцца сурагатнай маці ва Украіне, каб сабраць грошы на вызваленне свайго мужа Віктара, асуджанага ў Беларусі на 9 гадоў па палітычных матывах. Аднак планы жанчыны руйнуюцца з пачаткам поўнамаштабнай вайны: Марыя разам з нованароджаным дзіцем, якое прызначалася для нямецкай пары, апынаецца ў зоне баявых дзеянняў.

Праект ствараўся ў капрадукцыі Германіі і Францыі. Аляксей Палуян з’яўляецца і рэжысёрам, і аўтарам сцэнарыя стужкі. Вытворчасць фільма запланавана на 2028 год.

Пра высокі патэнцыял праекта сведчыць склад міжнароднай прадзюсарскай групы. Побач з даўнімі партнёрамі Палуяна — Ушы Фельдгес і Ансгарам Фрэрыхам (кампанія Basis Berlin), якія працавалі над яго папярэднімі стужкамі, — да каманды далучыўся дасведчаны французскі тандэм Мілены Пойла і Жыля Сакута (TS Productions). Удзел такіх партнёраў не толькі забяспечвае праекту прафесійнае экспертнае суправаджэнне, але і адкрывае магчымасці для маштабнай міжнароднай капрадукцыі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!