Беларусь абмяркоўвае з Расіяй і Кітаем удзел у месяцовых місіях і даследаванні планет

Беларусь вядзе перамовы з Расіяй і Кітаем аб удзеле ў праектах асваення Месяца і місіях па даследаванні іншых планет. Пра гэта паведаміў старшыня прэзідыума беларускай Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Каранік у інтэрв’ю ТАСС на першым Расійскім касмічным форуме.

Паводле яго слоў, пакуль перамовы знаходзяцца на ўзроўні абмеркаванняў і мемарандумаў.

“Гэта не зусім далёкі космас, канечне, але гэта ўсё роўна крыху далей калязямной арбіты”, – распавёў ён.

Акрамя месяцовых праектаў, паводле яго слоў, разглядаюцца і магчымасці ўдзелу ў місіях па даследаванні іншых планет.

Кіраўнік НАН адзначыў, што ахоўнае пакрыццё беларускай вытворчасці выкарыстоўваецца ў сумеснай місіі Еўрапейскага і Японскага касмічных агенцтваў BepiColombo па даследаванні Меркурыя.

«Мяркуючы па тым, што апарат па-ранейшаму адказвае на каманды і перадае інфармацыю ўжо ў восьмы год палёту, наша ахоўнае пакрыццё працуе», — падкрэсліў ён.

Сумесная аўтаматычная місія Еўрапейскага касмічнага агенцтва і Японскага агенцтва аэракасмічных даследаванняў BepiColombo была запушчана ў кастрычніку 2018 года. Прыбыццё двух даследчых апаратаў на арбіту Меркурыя запланавана на лістапад 2026 года.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!