«Маё жыццё мела сэнс дзеля маёй беларускасці». Сёння спаўняецца 90 гадоў старшыні Рады БНР  Івонцы Сурвіле

Старшыні Рады БНР сёння 90 гадоў.

Івонка Сурвіла нарадзілася 11 красавіка 1936 года ў Стоўбцах. У 1944-м разам з сям’ёй выехала ў эміграцыю. Вучылася ў Вышэйшай мастацкай школе ў Парыжы‚ скончыла лінгвістычнае аддзяленне Сарбонскага ўнівэрсітэта.

Жыла ў Францыі‚ Даніі‚ Гішпаніі. Цяпер жыве ў Канадзе.

Шмат гадоў займаецца грамадскай дзейнасцю: у сярэдзіне 1970-х яна была абраная старшынёй Беларускага Інстытуту навукі і мастацтва ў Канадзе, узначальвала ўправу Каардынацыйнага камітэта беларусаў у Канадзе, уваходзіла ў склад праўлення этнакультурнай Рады, што прадстаўляе і абараняе інтарэсы розных этнічных груп.

Разам з іншымі прадстаўнікамі дыяспары заснавала фонд дапамогі ахвярам Чарнобыльскай аварыі ў Беларусі. Фонд наладзіў збор і перадачу ў Беларусь трох самалётаў лекаў і медабсталявання, прымаў у Канаду тысячы дзяцей з пацярпелых раёнаў Беларусі на лячэнне і аздараўленне.

Ужо чвэрць стагоддзя яна ўзначальвае Раду БНР, стаўшы сёмым кіраўніком Рады, пераняўшы паўнамоцтвы ў Язэпа Сажыча. Яшчэ не ведаючы, што абяруць яе, Івонка Сурвіла склала шэраг патрабаванняў да новага старшыні: каб ведаў мовы, ведаў, як працуюць у Канадзе ўрады і як з імі стасавацца, але першае і галоўнае — каб бясконца любіў Беларусь. Яна падышла пад гэтыя патрабаванні ідэальна.

За ўнёсак у дэмакратызацыю Беларусі Івонка Сурвіла была адзначаная канадскім Юбілейным медалём каралевы Альжбеты ІІ.

Івонка Сурвіла ў маладосці. Фота: сацсеткі

У сакавіку ў выдавецтве «Полацкія лабірынты» выйшла кніга ўспамінаў Івонкі Сурвілы «У восем гадоў я была на вайне», у эпіграф якой рэдактар Сяргей Падсасонны змясціў словы беларускай дзяячкі: «Маё жыццё мела сэнс дзеля маёй беларускасці». Сапраўды, мяркуе рэдактар, «чалавек выжыў у часы ліхалеццяў, прайшоў такія выпрабаванні, — усе гэта дзеля таго, каб рабіць штосьці для Беларусі.

90 гадоў для Спадарыні Івонкі не існуе нічога іншага! Мова, гісторыя, культура, фонд «Дзеці Чарнобыля», каб дапамагчы беларускім дзецям, Рада БНР… Усё, каб дапамагчы нейкі чынам Беларусі — гэта небывалы прыклад у сённяшніх умовах для нас усіх».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!