Байдарачныя туры па рэках могуць запусціць у “Белавежскай пушчы”

У нацыянальным парку “Белавежская пушча” могуць запусціць байдарачныя туры па рэках. Пра гэта паведаміла начальніца аддзела турызму, маркетынгу і рэкламы нацпарка Аксана Багалейша, піша БелТА.

Паводле яе слоў, у мінулым годзе Белавежскую пушчу наведалі больш за 643 тысячы турыстаў — на 100 тысяч больш, чым годам раней. У парку маюць намер развіваць актыўны адпачынак. У прыватнасці, спецыялісты распрацоўваюць маршруты для байдарачных сплаваў па маляўнічых рэках Лясная і Нарэўка. Запусціць новы напрамак плануецца да пачатку турыстычнага сезона.

Акрамя таго, у нацпарку працягваюць пашыраць сетку экалагічных сцежак — як пешаходных, так і веласіпедных. У планах таксама стварэнне новай дзіцячай інтэрактыўнай сцежкі непадалёк ад асноўнай інфраструктуры.

Чакаюцца і змены ў маёнтку Дзеда Мароза. Паводле слоў Багалейшы, у 2026 годзе можа пачацца будаўніцтва новага дома для яго.

У парку таксама робяць стаўку на падзейны турызм. Так, 6 чэрвеня пройдзе фестываль самадзейнай творчасці «Добрыя суседзі». На 15–16 жніўня на Царскай паляне запланаваны паляўнічы фестываль з конкурсамі вабільшчыкаў і паляўнічай кухні, выставамі трафеяў і паляўнічых сабак, спаборніцтвамі па стэндавай стральбе і канцэртнай праграмай.

26 верасня адбудзецца турыстычнае мерапрыемства «Музыка восені. Рэў аленяў», у межах якога арганізуюць тэматычную экскурсію, дэманстрацыю працэсу ваблення і назіранне за дзікімі жывёламі. Таксама запланаваны фестываль аўтарскай песні і паэзіі і вячэра ля вогнішча.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!