Асуджаных па справе «Чорных салаўёў» дадалі ў спіс «тэрарыстаў»

Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі дадаў у пералік «асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці», яшчэ 9 чалавек.

Сярод іх — асуджаныя па справе «Чорных салаўёў» Марыя Місюк, Дзмітрый Захарошка, Трафім Барысаў, Сяргей Жыгалёў, Аляксандра Пуліновіч.

Нагадаем, фігуранты справы «Чорных салаўёў» былі затрыманыя вясной 2024 года. Тады ж на дзяржаўным ТБ выйшаў прапагандысцкі фільм «Дзеці на прыцэле. Завербаваныя ворагам», дзе паведамілі пра затрыманне 7 падлеткаў за «супрацоўніцтва з украінскімі спецслужбамі». Некаторых з іх абвінавачвалі ў «акце тэрарызму» і «здрадзе дзяржаве». У фільме распавялі, што 6 падлеткаў нібыта аб’ядналіся ў «анархісцкую ячэйку «Чорныя салаўі», якую «пад кіраўніцтвам Нацыянальнай вызваленчай арміі Украіны» стварыла 16-гадовая грамадзянка Украіны Марыя Місюк.

У лістападзе мінулага года Марыя была вызвалена і перададзена Украіне.

Таксама ў абноўленым пераліку КДБ — Аляксандр Канавальчык, Таццяна Магнусава, Раман Маханькоў, Аляксандр Мядзведзь, Таццяна Шчатко і Аляксандр Хазееў.

На дадзены момант у «тэрарыстычным спісе» 1417 чалавек, з якіх каля 700 — беларусы.

Беларускія ўлады рэгулярна выкарыстоўваюць абвінавачанні ў экстрэмізме і тэрарызме для барацьбы з палітычнымі апанентамі і іншадумствам у цэлым.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!