Андрей Стрижак. Фото из личного блога.
Былы ўдзельнік і сузаснавальнік BYSOL абвясціў пра старт новай ініцыятывы дапамогі беларусам — BELAID. Пра гэта Андрэй Стрыжак распавёў Reform.news.
«Сёння я запускаю новую ініцыятыву дапамогі: BELAID — наша беларуская дапамога адно аднаму, без абмежаванняў і доўгай бюракратыі», — паведаміў ён.
Паводле яго ацэнкі, за межамі Беларусі цяпер жыве да паўмільёна беларусаў і беларусак. Хтосьці мае патрэбу ў дапамозе, а хтосьці гатовы дапамагаць.
«Таксама ў нашай дапамозе маюць патрэбу тыя, хто жыве ў Беларусі і апынуўся ў бядзе. BELAID — гэта інструмент культуры салідарнасці, які дасць новыя магчымасці ўзаемадапамогі», — растлумачыў Стрыжак.
Ён плануе стварыць дабрачынную платформу ўзаемнай падтрымкі, якой змогуць карыстацца ўсе, хто лічыць сябе беларусам. Магчымасць папрасіць аб дапамозе будзе ва ўсіх — як унутры краіны, так і за яе межамі.
Андрэй Стрыжак таксама звярнуўся да тых, хто мае досвед працы ў грамадскіх структурах, фандрайзінгу, стварэнні сайтаў, кіраванні фінансамі і гатовы стаць валанцёрам. Падаць заяўку можна праз спецыяльную форму.
Актывіст таксама разлічвае на данаты беларусаў для распрацоўкі плацежнай платформы і сайта, а таксама на пакрыццё выдаткаў па адміністраванні сістэмы.
«Я пачынаю новую справу без фінансавання і каманды, але з разуменнем таго, што я буду рабіць, калі і як. А гэта — галоўнае для старту», — заявіў Стрыжак.
***
Нагадаем, сузаснавальнік ініцыятывы BYSOL Андрэй Стрыжак быў абвінавачаны ў харасменце. Камісія па ўнутраным разбіральніцтве ў сувязі з абвінавачаннем прыняла рашэнне аб поўным спыненні супрацоўніцтва ініцыятывы са Стрыжаком і яго адхіленні ад кіраўнічых, прадстаўнічых, менеджарскіх і заснавальніцкіх функцый у фондзе BYSOL. Дырэктарат фонду не пагадзіўся з рашэннем і ўвёў часовае супрацоўніцтва са Стрыжаком да сакавіка 2026 года. Пасля гэтага Міжнародны гуманітарны фонд выключыў ініцыятыву BYSOL са складу фонду. У выніку Андрэй Стрыжак усё ж пакінуў каманду BYSOL.