Фото: t.me/dsns_telegram
У выніку масіраванай атакі і пашкоджанняў аб’ектаў крытычнай інфраструктуры ў Кіеве зноў без ацяплення засталіся амаль 6 тысяч жылых дамоў. Пра гэта паведаміў у Telegram мэр сталіцы Украіны Віталь Клічко.
Паводле яго слоў, большасць адключаных дамоў — гэта будынкі, якія камунальныя службы ўжо двойчы падключалі або спрабавалі падключыць да цеплазабеспячэння пасля абстрэлаў 9 і 20 студзеня. Новыя пашкоджанні зноў прывялі да спынення падачы цяпла.
Акрамя таго, у горадзе зафіксаваныя перабоі з водазабеспячэннем: праблемы назіраюцца на левым беразе Кіева, а таксама часткова на правым.
Як адзначыў мэр, камунальныя і энергетычныя службы працягваюць аднаўленчыя работы і робяць усё магчымае, каб як мага хутчэй вярнуць цяпло і ваду ў дамы кіяўлян.
Паводле інфармацыі прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, уначы Расія выпусціла па ўкраінскіх рэгіёнах больш за 370 ударных дронаў і 21 ракету розных тыпаў.
«Пад ударамі Кіеў і вобласць, Сумшчына, Харкаўшчына, Чарнігаўшчына. У Харкаве пашкодзілі радзільны дом, інтэрнат, дзе пражывалі перасяленцы, медыцынскі каледж і жылыя дамы. На дадзены момант вядома пра дзясяткі параненых людзей, сярод іх ёсць дзіця. У сталіцы і рэгіёне галоўнай мэтай для расіян была энергетыка. На жаль, гэта атака забрала жыццё аднаго чалавека. Мае спачуванні родным і блізкім», — напісаў ён.
«Кожны такі расійскі ўдар па энергетыцы даказвае, што нельга марудзіць з пастаўкамі СПА. Нельга заплюшчваць вочы на гэтыя ўдары, трэба адказваць, і адказваць сілай. Разлічваем на рэакцыю і дапамогу ўсіх нашых партнёраў. Кожная ракета для Patriot, NASAMS, усіх іншых сістэм дапамагае абараняць крытычную інфраструктуру і дапамагае людзям перажыць зімовы холад. Абавязкова павінны рэалізаваць усё, пра што дамовіліся з прэзідэнтам Трампам у Давосе па СПА. Дзякуй усім, хто дапамагае абараняць жыццё», — дадаў украінскі лідар.