ДМК будзе выдаваць дакументы для бяспошліннага ўвозу электрамабіляў

Савет Міністраў пастановай №42 ад 23 студзеня ўпаўнаважыў Дзяржаўны мытны камітэт выдаваць дакумент для атрымання льгот пры ўвозе юрыдычнымі і фізічнымі асобамі электрамабіляў у межах квоты, устаноўленай у ЕАЭС для Беларусі.

Раней Еўразійскі міжурадавы савет вызначыў, што ў 2026 годзе ў Беларусь можна будзе бяспошлінна ўвезці 20 тыс. электрамабіляў (код ТН ЗЭД 8703 80 000 3).

Пастанова Савета Міністраў накіравана на рэалізацыю дадзенага рашэння.

«Прадугледжана, што тарыфная льгота прадастаўляецца пры ўмове наяўнасці дакумента, выдадзенага ўпаўнаважаным органам Рэспублікі Беларусь і які змяшчае звесткі пра асобу, што ажыццяўляе ўвоз такіх тавараў, колькасць тавараў, увезеных гэтай асобай, і іх кошт», — патлумачылі ў прэс-службе ўрада.

Дакументам прадугледжана, што ДМК будзе весці рэестры ўвезеных электрамабіляў, у якія будуць уключацца звесткі аб транспартным сродку, асобе, якая яго ўвозіць, і колькасці транспартных сродкаў. У рэестры будуць уключацца транспартныя сродкі, выпушчаныя ў абарачэнне з 22 студзеня па 31 снежня гэтага года.

Выдачай дакумента, які пацвярджае права на льготу, будзе лічыцца ўнясенне запісу ў рэестр на падставе звестак аб увозе электрамабіля і заявы асобы аб намеры выкарыстоўваць тарыфную льготу.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!