“Мы не здраднікі”. Лукашэнка пераконвае чарговага расійскага губернатара
Рэдакцыя Reform.news · 29 кастрычніка 2026, 12:38
https://reform.news/be/my-ne-zdradniki-lukashjenka-perakonvae-chargovaga-rasijskaga-gubernatara/Аляксандр Лукашэнка зноў звярнуўся да запэўненняў у саюзніцкай вернасці падчас сустрэчы з расійскім рэгіянальным кіраўніком. Гэтым разам ён пераконваў кіраўніка Рэспублікі Алтай Андрэя Турчака.
“Гэта наша палітыка. У гэтым вы можаце быць упэўненыя. Нават у гэтыя складаныя часы, калі ідзе спецыяльная ваенная аперацыя (тут размовы розныя вакол), я сказаў адназначна, што мы не здраднікі, мы ніколі сваіх братоў не здрадзім. І як бы ні было складана і цяжка, мы заўсёды будзем побач. Калі нешта зможам зрабіць, мы зробім, у тым ліку і для вашага, здавалася б, геаграфічна далёкага краю”, – сказаў Лукашэнка, перадае яго прэс-служба.
Апошнім часам ён часта выказваецца ў падобным ключы падчас сустрэч з расійскімі функцыянерамі. Месяц таму, 29 верасня, прымаючы губернатара Ульянаўскай вобласці Аляксея Рускіх, Лукашэнка запэўніваў, што палітыка шматвектарнасці не аддаляе Мінск ад Масквы, а ён не хоча паўтараць лёс Украіны. Праз некалькі дзён, 2 кастрычніка, на сустрэчы з прэм’ер-міністрамі краін ЕАЭС, сярод якіх быў кіраўнік расійскага ўрада Міхаіл Мішусцін, Лукашэнка казаў, што “мы ніколі не былі здраднікамі”.
У 2025 годзе Лукашэнка «апраўдваўся» за шматвектарнасць перад губернатарам Смаленскай вобласці, а ў лютым гэтага года расказваў дзяржсакратару СД Сяргею Глазьеву, што на перамовах з ЗША не вырашае свае праблемы за кошт Расіі.
Гаворачы пра супрацоўніцтва з Алтаем, Лукашэнка запэўніў Турчака, што ўсё цікавае для яго будзе рэалізавана.
“Калі вы нешта цікавае ў Беларусі знойдзеце, вы скажыце. Мы заўсёды будзем гатовыя вам дапамагчы. У сельскай гаспадарцы, у машынабудаўнічай сферы”, – сказаў ён.
На думку Лукашэнкі, Турчак ужо добра дасведчаны аб магчымасцях супрацоўніцтва з Беларуссю, бо раней быў губернатарам Пскоўскай вобласці, якая мяжуе з нашай краінай. У гэтай якасці ён прыязджаў у Мінск у 2015 годзе.
“Добрыя адносіны. Таму досвед у вас ёсць. Калі нешта можам зрабіць, мы заўсёды гатовыя гэта зрабіць. Я ўдзячны за тое, што вы прыехалі ў Беларусь. Гэта вельмі важна для нас. Вы – чалавек вельмі вядомы, палітычна ў тым ліку. Для мяне вельмі прыемна з вамі сустрэцца”, – сказаў ён.
Асобна падчас сустрэчы Лукашэнка адзначыў магчымасці ўзаемнага турызму.
“Мы на першым месцы ў гэтым велізарным Еўразійскім рэгіёне па паездках расіян. Мы вельмі рады гэтаму. Рады не толькі эканамічна, што там грошы – расіяне ж бедныя не прыязджаюць, яны – багатыя. Але мы рады, што расіяне ўбачылі нарэшце, што перашкод у Беларусі ніякіх няма. Мова адна, бар’ераў ніякіх няма. Прыязджаюць сюды як дадому. А беларусы, натуральна, сустракаюць расіян з вялікай павагай. Не важна, якой нацыянальнасці, расіянін – гэта свой чалавек.
Добра ведаю геаграфічна, гістарычна ваш край. Ні разу, праўда, не быў, хоць прэзідэнт Расіі мяне некалькі разоў запрашаў. Кажа, давай з’ездзім пакажу табе прыгажосць. У Расіі прыгажосці такой велізарная колькасць. Паўднёвая частка Сібіры – вельмі цікавы край, турыстычны кірунак – цікавіць нашых людзей”, – сказаў ён.
