«Несмяротны полк» у Брэсце плануюць правесці ў складзе акцыі «Беларусь памятае»
Рэдакцыя Reform.news · 24 красавіка 2026, 13:49
https://reform.news/be/nesmjarotny-polk-u-brjesce-planujuc-pravesci-skladze-akcyi-belarus-pamjatae/Калона «Несмяротнага палка» ў Брэсце пройдзе 9 мая ў складзе шэсця «Беларусь памятае. Памятаем кожнага», паведамляе Рускі дом у Брэсце.
Каардынатарам «Несмяротнага палка» ў Брэсце паводле рашэння “Каардынацыйнага савета арганізацый расійскіх суайчыннікаў пры пасольстве Расіі ў Беларусі” называецца старшыня Брэсцкага аддзялення Рускага таварыства Святлана Смірнова.
Раней прарасійскі актывіст Андрэй Герашчанка прасіў дазволіць правесці шэсце «Несмяротны полк» у беларускіх гарадах.
“У сувязі з агульнасцю падыходаў да захавання памяці пра Вялікую Айчынную вайну мы звярнуліся да ўладаў Рэспублікі Беларусь з просьбай дазволіць расійскім суайчыннікам, грамадзянам Расіі і жадаючым беларусам правесці ў межах святочных мерапрыемстваў 9 мая 2026 года шэсце «Несмяротны полк» у Мінску, абласных цэнтрах і буйных гарадах Рэспублікі Беларусь.
Лічым, што шэсце «Несмяротны полк» павінна быць элементам агульнадзяржаўнай акцыі «Беларусь памятае». Уключэнне асобных калонаў «Несмяротнага палка» ў склад калонаў «Беларусь памятае» пацвярджае адзінства Расіі і Беларусі, расіян і беларусаў у пытанні святкавання Дня Перамогі. Досвед такога ўзаемадзеяння добра сябе зарэкамендаваў па выніках арганізацыі святочных мерапрыемстваў 9 мая ў 2024 і 2025 гадах”, – заявіў ён.
