Актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Тамара Міронава дала інтэрв’ю журналісту «СБ», у якім расказала пра праблемы, з якімі сутыкаецца калектыў.
Першая праблема — гэта недахоп актораў сярэдняга пакалення. «Не можам ставіць класіку, дзе ўсё напісана на гэты ўзрост — 50+», — патлумачыла акторка.
Другая праблема: тэатр мае кадравы рэжысёрскі голад. «Наш мастацкі кіраўнік Вольга Няфёдава ўжо ўсім лысіну праела: дайце галоўнага рэжысёра. Не могуць знайсці», — распавяла Міронава.
У тэатры імя Янкі Купалы спектаклі цяпер ставяць расійскія рэжысёры — Дзмітрый Акімаў, Ігар Малаў.
У рэпертуары — два спектаклі акцёра маскоўскага тэатра імя Пушкіна Андрэя Завадзюка — «Апошні атракцыён» і «Гэтае цудоўнае жыццё».
«Андрэй — прафесіянал. Вельмі добрую справу зрабіў для нашых маладых акцёраў. Ён жа сам выкладае ў Маскве, у яго свой курс у ГІТІСе. Нашы хлопцы мелі патрэбу ў такім педагогу. Я іх шкадую сёння: яны ж нічога не бачаць. Інтэрнэт прадстаўлення пра спектакль не дае, гэта жывое мастацтва. У савецкі час мы ўвесь час ездзілі на курсы павышэння кваліфікацыі ў Маскву, нам выдавалі творчыя пуцёўкі, і мы маглі хадзіць у любы Маскоўскі тэатр па лініі СТД цалкам бясплатна. Цяпер гэтага няма», — згадвае Міронава савецкія часы.
Нагадаем, што праблемы калектыву пачаліся ў 2020 годзе, калі частка купалаўцаў пакінула дзяржаўны тэатр у знак нязгоды з гвалтам і фальсіфікацыямі прэзідэнцкіх выбараў. Гэта падзея стала адной з ключавых кропак беларускага супраціву. А тэатр напаткаў крызіс. Напачатку ў рэпертуары засталося толькі пару спектакляў, таму ў тэатр сталі запрашаць студэнтаў і расійскіх рэжысёраў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

