Фільм «Мара» Сашы Кулак прызнаны пераможцам беларускага конкурсу «Паўночнага ззяння»

Культура
Кадр з фільма Сашы Кулак "Мара". Фота: kinoart.ru.

«Гэта ўнікальны і прыгожы фільм, у якім дакументальны аповед спалучаецца з фантазіяй, каб даследаваць вельмі актуальную і важную тэму. Гэта не толькі агучванне несправядлівасці, але і прастора для ўяўлення», — так пракаментавала свой выбар міжнароднае журы фестываля Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» ў асобе Наталлі Лібэт (Украіна), Сакарыса Сторы (Фарэрскія астравы) і Памелы Тола (Фінляндыя).

Дакументальны фільм Сашы Кулак «Мара», які быў прызнаны пераможцам Беларускага конкурсу на кінафоруме, прысвечаны падзеям 2020 года ў Беларусі. Рэжысёрка злучае дакументальные кадры з мірных пратэстаў з пастановачнымі сцэнамі, якія задаюць дадатковае вымярэнне падзеям, дазваляючы гледачу падключыцца да эмоцыяў дэманстрантаў, што праз уласнае цела адчулі і эйфарыю яднання ў час мірных маршаў, і страх ды адчай у хвіліны беспакаранасці сілавікоў.

Персанаж не толькі славянскіх міфаў — Мара, які ўводзіць у дзеянне аўтарка, — гэта праваднік, медыум, што дазваляе ўбачыць твары не толькі тых, хто змагаецца за свабоду, але і людзей з адваротнага боку — людзей сілы і гвалту.

Таксама журы палічыла важным адзначыць яшчэ два кінатворы беларускай праграмы: гэта дакументальную карціну «Калі кветкі не маўчаць» Андрэя Куцілы і анімацыйны фільм «Shirey Mara» Наты Карнеевай.

Матывацыя журы гучала так.

«Непрыхарошаны і адкрыты аповед надае падзеям, людзям і асобам, якія ў ім адлюстраваныя, значную прысутнасць — дзякуючы гуку і чорна-белай вобразнасці, ствараючы фільм адначасова кінематаграфічным і чалавечным» — у адрас працы Андрэя Куцілы.

«Мы заклікаем рэжысёрку такой асаблівай і кранальнай анімацыі працягваць вывучаць гэтае мастацкае асяроддзе, адначасова культывуючы і песцячы свой незвычайны стыль» — у адрас анімацыі Наты Карнеевай.

Конкурс беларускіх стужак на фестывалі Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» ладзіўся ў гэтым годзе ў трэці раз. Арганізатары сабралі адметную, цікавую і змястоўную праграму, дзе знайшлося месца і ўжо тытулаваным працам беларускіх кінематаграфістаў, і стужкам, што дэманстраваліся на пляцоўцы «Ззяння» ўпершыню. Усяго ў Беларускім конкурсе было паказана 11 фільмаў: частка з іх дэманстравалася анлайн, частка — афлайн у кінатэатрах Вільнюса і Таліна.

Усяго на фестываль «Паўночнае ззянне», з улікам міжнароднай праграмы, глядач мог пабачыць 29 кінатвораў ад аўтараў з Літвы, Латвіі, Эстоніі, Ісландыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Даніі, Швецыі, Украіны, Беларусі…. Кінафэст, які адбыўся пад слоганам «Як дома», доўжыўся дзесяць дзён — з 20 па 30 лістапада.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: