«У жывым эфіры» — кароткаметражная ігравая стужка беларускі Мары Тамковіч учора атрымала адмысловы прыз ад часопіса “Zwierciadło” на 47-м Фестывалі польскага мастацкага кіно ў Гдыні. Фільм, які беларуская рэжысёрка і сцэнарыстка зрабіла на Студыі Вайды (Wajda Studio), натхнёны гісторыяй затрымання журналістак “Белсата” Кацярыны Андрэевай і Дашы Чульцовай.
Мара Тамковіч нарадзілася ў Мінску. Потым навучалася ў Studio Prób у Школе Вайды, журналістыцы ў Варшаўскім універсітэце і рэжысуры ў Варшаўскай кінашколе. Гэта ўжо пятая карціна беларуска-польскай аўтаркі, а мінскаму гледачу кінематаграфістка вядомая па яе працы «Дачка» — стужка перамагла ў Нацыянальным конкурсе на Мінскім Міжнародным кінафестывалі «Лістапад» у 2018 годзе. «Córka» добра вядомая і ў Польшчы: гэта кіно — адзін з самых уганараваных кароткаметражных фільмаў у краіне за 2018 год.
Як адзначае Мара, яе новая праца — «У жывым эфіры», якая брала ўдзел у конкурсе кароткага метра ў Фестывалі польскага мастацкага кіно ў Гдыні, інспіравана гісторыяй затрымання Кацярыны Андрэевай і Дашы Чульцовай.
«Мірныя пратэсты ў Мінску супакойвае міліцыя пасля збіцця да смерці беларускага апазіцыянера (Маецца на ўвазе смерць Рамана Бандарэнкі — Reform.by). Журналісты незалежнага беларускага тэлебачання — адзіныя, хто транслюе ход падзей з вокнаў шматкватэрнага дома. Калі іх высочвае паліцэйскі дрон, яны павінны прыняць рашэнне: працягваць эфір ці паклапаціцца пра бяспеку? Фільм, натхнёны рэальнымі падзеямі», — так гучыць анатацыя да стужкі.
У трэйлеры карціны камера схоплівае дзяўчыну з мікрафонам, якая вядзе прамы эфір. Журналістка каментуе падзеі, што адбываюцца на вуліцы — яна бачыць іх з кватэры ў шматпавярховым доме. Раптам у дзверы грукаюць, дзяўчына падыходзіць да іх і чуе гукі рацыі… Яна вяртаецца да сваёй кропкі агляду, працягваючы весці рэпартаж. Нават у кароткім трэйлеры адчуваецца напружанне, страх і выбар, перад якім паўстаюць героі.
«Я хацела, каб гісторыя [Кацярыны і Дашы] не засталася толькі радком у навінах, што пралятаюць перад вачыма. Хацелася б, каб гледачы разам з героямі перажылі тыя ключавыя для іх жыцця 15 хвілін і адчулі, наколькі невыносна складанае рашэнне ім прыйшлося прыняць, і ў той жа час выбар тут і не мог быць іншым», — пракаменавала сваю працу Мара Тамковіч.
Ролі ў стужцы выконваюць: Аляксандра Вайцэховіч, Паліна Чабатарова, Андрэй Новік. Музыку да стужкі напісала Мартына Кацпровіч. Выканаўчы прадзюсар — Філіп Марчэўскі.
Фільм Мары Тамковіч атрымаў дыплом і грашовы прыз ад часопіса “Zwierciadło” — аднога са старэйшых жаночых выданняў Польшчы. Ён выдаецца з 1957 года ў Варшаве.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: