Аналіз артыкулаў, апублікаваных у рамках праекта «Пятая рэспубліка».
- Лашдэн, Т. Разбітае люстэрка: Беларуская палітычная ідэнтычнасць ва ўмовах працяглага крызісу. (2024). Пятая Рэспубліка.
- Паршанкоў, А. (2024). Беларуская палітычная супольнасць у пошуках легітымнасці. Пятая Рэспубліка.
- Усаў, П. (2024). Праблема легітымнасьці ва ўмовах палітычнага крызісу: выклікі для беларускай апазіцыі. Пятая Рэспубліка.
- Соколова, М., Шпарага, О. (2024). Взаимодействие и автономия: динамика белорусского сопротивления и солидарности. Пятая Рэспубліка.
- Нестерович, К. (2024). Насколько повестка Светланы Тихановской совпадает с тем, что волнует беларусов? Пятая Рэспубліка.
- Кузнецова, Е. (2025). Лики Беларуси: кто представляет страну? Пятая Рэспубліка.
- Шпарага, О. (2025). Заботливая демократия как альтернатива героизации и патернализму. Пятая Рэспубліка.
Уводзіны
Жнівень 2020 года стаў паваротным момантам у найноўшай гісторыі Беларусі. Пасля шматтысячных пратэстаў і іх жорсткага падаўлення дзесяткі тысяч беларусаў і беларусак вымушаны былі пакінуць радзіму, многія апынуліся ў турмах. Беларускае грамадства, якое цяпер нагадвае «разбітае люстэрка», працягвае існаваць у новай рэальнасці. Адна яго частка – унутры краіны, пад пастаянным ціскам рэпрэсіўнага апарату. Другая – у эміграцыі, дзе фарміруюцца альтэрнатыўныя палітычныя інстытуты і цэнтры ўплыву.
Праект «Пасля 2020: ад палітычнага поля да палітычнай супольнасці» аб’яднаў даследчы_ц, якія паспрабавалі адказаць на пытанне: ці могуць аскепкі гэтага «разбітага люстэрка» калі-небудзь з’яднацца. На падставе аналізу тэкстаў былі вызначаныя наратывы аб беларускай палітычнай супольнасці. Для гэтага былі прааналізаваныя тыповыя тэмы, канцэпцыі і ключавыя метафары, якія паўтараюцца ў пазначаных тэкстах. На падставе гэтага былі вылучаныя чатыры асноўныя наратывы: пра рэпрэсіі і іх уплыў на палітычную супольнасць; пра крызіс легітымнасці і палітычную фрагментацыю; пра ролю дыяспары і палітычных выгнаннікаў; і пра «дэмакратыю клопату».
Аналіз наратываў і іх мабілізацыйнага патэнцыялу
Як і любая іншая палітычная супольнасць канструюецца праз гісторыі, якія не проста апісваюць рэальнасць, але і фармуюць яе. Яны ствараюць межы ўспрымання і вызначаюць гарызонт магчымых дзеянняў. Кожны з чатырох вызначанаых наратываў прапануе пэўную інтэрпрэтацыю палітычнай рэальнасці. Важна адзначыць, што яны не выключаюць адзін аднаго, а адлюстроўваюць розныя аспекты складанай палітычнай рэальнасці.
Рэпрэсіі як каталізатар палітычнага дзеяння
Наратыў пра рэпрэсіі прадстаўляе сённяшнюю Беларусь як прастору сістэмнага дзяржаўнага гвалту. Яго ключавы пасыл — рэпрэсіі сталі татальнымі, яны «закранаюць не толькі самі працэсы палітычнага ўдзелу… але і нават самыя базавыя формы грамадзянскай і грамадскай актыўнасці» (Т. Лашдэн). Гэты наратыў пераасэнсоўвае само разуменне палітычнага, размываючы межы паміж палітычнай актыўнасцю і паўсядзённым жыццём. Ён усталеўвае прамую сувязь паміж інтэнсіўнасцю рэпрэсій і адсутнасцю легітымнасці рэжыму. Як адзначае Павел Усаў, «сталыя рэпрэсіі есьць сьведчаньнем слабай падтрымкі рэжыму (яго нелегітымнасьці) з боку большасьці насельніцтва». Такім чынам, рэпрэсіі парадаксальным чынам пацвярджаюць маральную і палітычную правату супраціву.
Мабілізацыйны патэнцыял гэтага наратыву асабліва высокі дзякуючы яго эмацыйнай сіле. Ён стварае аснову для перажывання калектыўнай траўмы. Артыкуляваная належным чынам, яна становіцца магутным палітычным рэсурсам. Поспех марафону падтрымкі палітвязняў «Нам не ўсё адно!», які сабраў 575 000 еўра за адзін дзень, дэманструе здольнасць гэтага наратыву — ператвараць эмацыйны водгук у канкрэтнае дзеянне.
Але існуюць і сур’ёзныя абмежаванні. Фокус на гвалце і пакутах можа выклікаць пачуццё бяздапаможнасці, адчаю і дэмаралізацыі. Акрамя таго, разуменне рэпрэсій як татальных, падрывае веру ў эфектыўнасць любых форм супраціву. Падаецца, што ў доўгатэрміновай перспектыве наратыў пра рэпрэсіі патрабуе дапаўнення пазітыўнай праграмай зменаў, інакш ён рызыкуе замацаваць вобраз ахвяры як дамінуючы модус палітычнай суб’ектнасці.
Крызіс легітымнасці як палітычная магчымасць
Гэты наратыў засяроджваецца на разломе ў асновах палітычнага ладу ў Беларусі. Падзеі 2020 года трактуюцца як «біфуркацыя» (У. Гарбацкі) або «дэфрагментацыя» (Т. Лашдэн) палітычнай супольнасці, што прывяло да з’яўлення паралельных цэнтраў палітычнай ідэнтыфікацыі. Галоўнае пытанне, якое ўздымае гэты наратыў, — хто легітымна прадстаўляе беларускае грамадства?
Кацярына Кузняцова прапануе метафару «лики Беларуси», падкрэсліваючы, што пытанне прадстаўніцтва не зводзіцца «только к личине действующей власти или лицам продемократических сил, но также включает спектр ликов гражданских организаций». Гэта мноства прадстаўленняў стварае як выклікі, так і магчымасці для палітычнай мабілізацыі.
Мабілізацыйны патэнцыял наратыву пра крызіс легітымнасці звязаны з яго здольнасцю стымуляваць інстытуцыйныя інавацыі і дэмакратычныя эксперыменты. Аляксандр Паршанкоў адзначае, што «змаганне за легітымнасць, увага да легітымнасці з’яўляецца характэрнай прыкметай беларускай палітычнай супольнасці». Гэта імкненне да легітымацыі праяўляецца ў такіх ініцыятывах, як выбары ў Каардынацыйную раду або стварэнне сістэмы народных амбасадаў.
Аднак акцэнт на фрагментацыі і праблемах легітымнасці можа мець і дэматывуючы эфект, выклікаючы пачуццё безперспектыўнасці барацьбы. Песімістычныя прагнозы, падобныя да ацэнкі Паўла Усава, што «легітымнасць Ціханоўскай у межах 2025 году будзе цалкам вычарпана», могуць падрываць давер да апазіцыйных структур. Акрамя таго, дыскусіі пра легітымнасць часта адцягваюць увагу на працэдурныя пытанні, адхіляючы ад сутнасных праблем, якія хвалююць грамадзян.
Дыяспара і выгнаннікі як новыя палітычныя суб’екты
Трэці наратыў апісвае трансфармацыю беларускай палітычнай прасторы ў выніку масавай вымушанай эміграцыі пасля 2020 году. Дыяспара і палітычныя выгнаннікі пераасэнсоўваюцца не як пасіўныя ахвяры рэпрэсій, а як актыўныя палітычныя суб’екты, якія ствараюць новыя формы прадстаўніцтва і салідарнасці. Кацярына Кузняцова апісвае сітуацыю: арганізацыі, якія фізічна знаходзяцца за мяжой, працягваюць працаваць на аўдыторыю ўнутры краіны. Гэтая мадэль палітычнай актыўнасці кідае выклік традыцыйным уяўленням пра тэрытарыяльную прывязку палітычнай супольнасці.
Мабілізацыйны патэнцыял гэтага наратыву звязаны з яго здольнасцю адкрываць новыя каналы палітычнага ўдзелу для беларусаў і беларусак за мяжой. Марына Сакалова падкрэслівае, што паміж «изгнанниками и теми, кто остается в стране, не существует реального разрыва», а сувязі падтрымліваюцца праз «использование разнообразных цифровых инструментов». Дыяспара таксама можа прыцягваць рэсурсы міжнароднай супольнасці, што асабліва важна ў умовах абмежаваных магчымасцей унутры краіны.
Але гэта не ўхіляе рызыку ўзмацнення бар’ераў паміж эмігранцкімі структурамі і грамадствам унутры Беларусі. Тэрытарыяльны падзел можа перарасці ў экзістэнцыяльны, калі розны досвед фармуе прынцыпова розныя палітычныя перспектывы.
«Дэмакратыя клопату» як альтэрнатыўная палітычная мадэль
Чацвёрты наратыў, найбольш поўна артыкуляваны Вольгай Шпарагай, прапануе прынцыпова іншы падыход да разумення палітычнага. У цэнтры — практыкі ўзаемнай падтрымкі і салідарнасці, якія разглядаюцца як сутнаснае ядро палітычнага працэсу. «Дэмакратыя клопату» супрацьпастаўляецца як дзяржаўнаму патэрналізму, так і гераічнаму наратыву супраціўлення. Вольга крытыкуе гераізацыю, якая «делает невидимыми разнообразные коллективные усилия и стресс, выгорание и тревоги, а также… оправдывает иерархическое принятие решений». Замест гэтага яна прапануе мадэль, заснаваную на пераразмеркаванні адказнасці за клопат і прызнанні ўзаемнай уразлівасці.
Мабілізацыйны патэнцыял гэтага наратыву звязаны з яго інклюзіўнасцю і канкрэтнасцю. Ён пераносіць фокус з абстрактных палітычных прынцыпаў на паўсядзённыя практыкі салідарнасці, што робіць палітычны ўдзел больш даступным і зразумелым. «Дэмакратыя клопату» не патрабуе гатоўнасці да гераічнага самаахвяравання, а асноўваецца на практыках, якія ўжо існуюць у супольнасці.
Але ж абстрактнасць і навізна гэтай канцэпцыі могуць ускладняць яе шырокае распаўсюджванне. У ўмовах рэпрэсіўнага рэжыму нават практыкі ўзаемнага клопату крыміналізуюцца, што абмяжоўвае іх эфектыўнасць як палітычнага інструмента. Акрамя таго, гэты наратыў можа ўспрымацца як занадта «мяккі» ў кантэксце жорсткага палітычнага супрацьстаяння.
Табліца 1. Аналіз мабілізацыйнага патэнцыялу дамінуючых наратываў (на аснове аналізу тэкстаў, апублікаваных у рамках праекта «Пятая рэспубліка»).
Наратыў | Моцныя бакі | Слабыя бакі | Прыклады |
Рэпрэсіі і іх уплыў на палітычную супольнасць | Эмацыйная аснова для аб’яднання, фарміраванне інфраструктур узаемадапамогі, прыцягненне міжнароднай увагі. | Выклікае пачуццё бездапаможнасці, стыгматызуе палітыку, стварае рознагалоссі аб стратэгіях супрацьстаяння. | Марафон падтрымкі палітвязняў «Мне не ўсё роўна», які сабраў 574 000 еўра. |
Крызіс легітымнасці і палітычная фрагментацыя | Стымулюе рэфармаванне апазіцыйных структур, стварае аснову для інстытуцыйнага будаўніцтва, выкарыстоўвае знешнепалітычную падтрымку. | Дэматывуе і стварае адчуванне бесперспектыўнасці, падрывае давер да апазіцыі, узмацняе ўнутраныя канфлікты. | Выбары ў Каардынацыйную раду, стварэнне сістэмы народных амбасадаў. |
Роля дыяспары і палітычных выгнаннікаў | Стварае новыя пляцоўкі для палітычнага ўдзелу, прыцягвае знешнія рэсурсы, забяспечвае сувязь паміж унутранымі і знешнімі групамі. | Стварае адчуванне разрыву паміж эмігрантамі і тымі, хто застаўся, ускладнены доступ да аўдыторыі ўнутры краіны. | Міжнародныя акцыі салідарнасці, інфармацыйныя кампаніі, стварэнне інфраструктур падтрымкі. |
Дэмакратыя клопату | Прапануе інклюзіўную мадэль палітычнага ўдзелу, пераносіць фокус на канкрэтныя практыкі, супрацьстаіць іерархічным мадэлям. | Абстрактнасць канцэпцыі, уразлівасць практык клопату да крыміналізацыі. | Інфраструктуры падтрымкі палітвязняў, адукацыйныя ініцыятывы, медыцынскія праекты. |
Некалькі словаў пра інтэграцыю наратываў
З прапанаванай вышэй табліцы бачна, што наратывы аўтараў і аўтарак праекта «Пятая рэспубліка» адкрываюць перспектывы для іх інтэграцыі. Але гэтая інтэграцыя ўяўляецца не як стварэнне адзінага метанаратыву, які непазбежна выцесніць значныя аспекты палітычнай рэчаіснасці, а як фармаванне дынамічнай сістэмы, у якой кожны наратыў выконвае спецыфічныя функцыі ў залежнасці ад кантэксту, мэтавай аўдыторыі і часавай перспектывы.
У прыватнасці, падаецца, што наратыў пра рэпрэсіі мае найбольшую эмацыйную сілу для першаснай мабілізацыі і салідарызацыі, але яго доўгатэрміновая эфектыўнасць залежыць ад трансфармацыі негатыўнай матывацыі (супраць рэпрэсій) у пазітыўную праграму палітычных змен. Гэты наратыў можа служыць «уваходнай кропкай» для палітычнай мабілізацыі, каталізатарам усведамлення неабходнасці перамен.
Наратыў «дэмакратыі клопату» прапануе канцэптуальную рамку для пераўтварэння эмацыйнага водгуку на рэпрэсіі ва ўстойлівыя практыкі нізавой дэмакратыі і ўзаемнай падтрымкі. Яго інтэграцыя з наратывам пра рэпрэсіі дазваляе пераадолець пастку віктымізацыі, прапануючы інструменты для аднаўлення калектыўнай суб’ектнасці праз практыкі клопату, якія адначасова з’яўляюцца і спосабам выжывання ва ўмовах рэпрэсій, і прататыпам будучых дэмакратычных адносін.
Наратыў пра ролю дыяспары можа быць трансфармаваны з геаграфічнага ў функцыянальны, калі змясціць акцэнт з фізічнага знаходжання актараў на іх ролю ў трансгранічнай цыркуляцыі рэсурсаў, ідэй і падтрымкі. Таму крытычна важна пераасэнсаваць ролю дыяспары не як вонкавага назіральніка або выратавальніка, а як арганічнай часткі адзінай трансгранічнай палітычнай супольнасці, што функцыянуе ў розных кантэкстах, але звязаная агульнымі каштоўнасцямі і мэтамі.
Наратыў пра крызіс легітымнасці можа быць дапоўнены новай канцэпцыяй легітымнасці, заснаванай не столькі на фармальных працэдурах, колькі на эфектыўным прадстаўніцтве інтарэсаў і каштоўнасцяў розных груп грамадства. У гэтым кантэксце легітымнасць становіцца не статычным атрыбутам, атрыманым праз электаральныя працэдуры, а дынамічным працэсам пастаяннага пацвярджэння праз рэальныя дзеянні і іх адпаведнасць чаканням і патрэбам палітычнай супольнасці. Імаврена, што у гэтым выпадку трэба будзе ўлічваць цыклічнасць палітычнай мабілізацыі, чаргаванне перыядаў інтэнсіўнага калектыўнага дзеяння і адноснага зацішша.
Пераадоленне дыхатаміі гераізму і штодзённасці патрабуе перагляду самога разумення палітычнага дзеяння. Як адзначае Вольга Шпарага, гераізацыя «делает невидимыми разнообразные коллективные усилия и стресс, выгорание и тревоги», што вядзе да выключэння значнай часткі супольнасці з палітычнага працэсу. Інтэграцыя наратываў пра рэпрэсіі і дэмакратыю клопату дазваляе стварыць больш інклюзіўную мадэль палітычнага ўдзелу, якая прызнае каштоўнасць як гераічных актаў супрацьстаяння, так і штодзённых практык узаемнай падтрымкі.
Трансфармацыя эканамічнага парадку дня, з канкуруючага ў камплементарны прадугледжвае распрацоўку эканамічнага вымярэння «дэмакратычнага праекта». Канстанцін Нестэровіч адзначае, што асноўным разрывам паміж парадкам дня апазіцыі і запытамі грамадства з’яўляецца недастатковая ўвага да эканамічных праблем. Інтэграцыя эканамічнага дыскурсу павінна ісці не праз простае дадаванне эканамічных патрабаванняў да палітычных, а праз пераасэнсаванне эканомікі як сферы, непарыўна звязанай з дэмакратычнымі каштоўнасцямі і практыкамі.
Пераадоленне ж «часовага разрыву» магчыма праз стварэнне наратыву, які звязвае мінулае, сучаснасць і будучыню ў адзіную сэнсавую структуру. Бягучы палітычны крызіс часта ўспрымаецца як разрыў з мінулым, а будучыня застаецца нявызначанай. Інтэграваны наратыў павінен дапамагчы асэнсаваць цяперашні досвед як частку больш шырокага гістарычнага працэсу дэмакратызацыі, што мае карані ў папярэдніх перыядах беларускай гісторыі і скіраваны на стварэнне канкрэтнага вобразу будучыні.
І, нарэшце, не выключана тое, што развіццё салідарнасці, якая пераадольвае межы паміж рознымі сацыяльнымі, прафесійнымі і ўзроставымі групамі, можа выконваць ролю элемента, які злучае ўсе аспекты інтэграванага наратыву. Паспяховыя прыклады мабілізацыі, такія як марафон падтрымкі палітвязняў, паказваюць, што найбольшы эфект дасягаецца, калі атрымоўваецца стварыць інклюзіўныя пляцоўкі ўдзелу, якія аб’ядноўваюць людзей з розным досведам і рэсурсамі вакол канкрэтных мэт.
Падобны прапанаванаму сінтэз розных дыскурсіўных падыходаў можа аказацца карысным рэсурсам у доўгатэрміновай стратэгіі дэмакратызацыі і, магчыма, важным крокам да пераадолення фрагментацыі беларускай палітычнай супольнасці.
Заключэнне
Аналіз артыкулаў, апублікаваных у межах праекта «Пятая рэспубліка», дазваляе сфармуляваць некалькі высноваў аб стане беларускай палітычнай супольнасці.
Па-першае, фрагментацыя палітычнай супольнасці праяўляецца сёння ў мностве вымярэнняў. Найбольш відавочны з іх – тэрытарыяльны падзел на тых, хто застаўся ў краіне, і вымушаных эмігрантаў. Аднак не менш значныя ідэалагічныя, камунікацыйныя і арганізацыйныя разломы. Беларуская супольнасць існуе сёння ў рэжыме дысперсіі – як сістэма разрозненых, але ўзаемадзейных элементаў. Паміж імі захоўваюцца значныя сувязі, нягледзячы на спробы рэжыму гэтыя сувязі разарваць.
Па-другое, крызіс легітымнасці закранае ўвесь палітычны спектр. Нелегітымнасць рэжыму пасля 2020 года відавочная для значнай часткі грамадства. Аднак апазіцыйныя структуры таксама сутыкаюцца з сур’ёзнымі выклікамі. Асабліва востра гэта пытанне паўстае ў кантэксце 2025 года, калі фармальна заканчваецца мандат, атрыманы Святланай Ціханоўскай на выбарах 2020 года. Праблема легітымнасьці пастаянна ўзнаўляецца ў дыскусіях пра будучыню беларускай дэмакратыі.
Па-трэцяе, сістэмныя рэпрэсіі радыкальна трансфармавалі саму прыроду палітычнага ўдзелу ў Беларусі. Яны зруйнавалі традыцыйныя формы грамадзянскай актыўнасці і паспрыялі з’яўленне новых, больш адаптыўных практык салідарнасці. Парадаксальным чынам, рэпрэсіўны ціск стымулюе інавацыі ў сферы грамадскай самаарганізацыі — ад лічбавых платформаў узаемадапамогі да нефармальных сетак падтрымкі палітвязняў.
Па-чацвёртае, беларуская дыяспара і палітычныя выгнаннікі крышталізуюцца як самастойныя палітычныя актары. Узнікае феномен «грамадзянскай супольнасці на выдаленні», калі арганізацыі, якія фізічна знаходзяцца за межамі краіны, працягваюць працаваць для мэтавых груп унутры Беларусі. Пры гэтым захоўваецца рызыка паглыблення разрыву паміж павесткай эмігранцкіх структур і рэальнымі праблемамі, якія хвалююць людзей унутры краіны.
Па-пятае, розныя наратывы дэманструюць розны мабілізацыйны патэнцыял. Найбольш эфектыўным для першаснай мабілізацыі аказваецца наратыў пра рэпрэсіі – ён эмацыйна рэзаніруе з калектыўным вопытам і стварае аснову для спантаннай салідарнасці. Аднак яго доўгатэрміновая эфектыўнасць абмежавана рызыкай віктымізацыі і выгарання. Для ўстойлівай мабілізацыі патрабуецца інтэграцыя з іншымі наратывамі, якія прапануюць пазітыўную праграму змен.
Нягледзячы на фрагментацыю і працяглыя рэпрэсіі, беларуская палітычная супольнасць дэманструе дзіўную жыццяздольнасць. Метафара «разбітага люстэрка», прапанаваная Тоні Лашдэн, сапраўды адлюстроўвае бягучы стан — кожны аскепак працягвае выконваць функцыю адлюстравання рэальнасці, хоць і ў абмежаваным, фрагментаваным выглядзе.
Задача інтэграцыі розных наратываў заключаецца не ў стварэнні ілюзіі цэласнасці там, дзе яе няма, а ў выбудоўванні мазаікі ўзаемадапаўняльных падыходаў. Такая мазаіка павінна адлюстроўваць усю разнастайнасць беларускай палітычнай супольнасці – ад практыкаў «дэмакратыі клопата» да абаронцаў традыцыйнай мадэлі легітымнасці. У выніку, найбольш перспектыўнай уяўляецца мадэль палітычнай супольнасці, якая прызнае каштоўнасць розных галасоў і досведаў, не імкнецца да уніфікацыі, але стварае прастору для дыялогу і сумеснага дзеяння. Як адзначаецца ў артыкуле Вольгі Шпарагі «Взаимодействие и автономия: динамика белорусского сопротивления и солидарности», беларуская палітычная супольнасць функцыянуе сёння як «динамичная и перформативная структура», дзе ўплыў фарміруецца праз узаемадзеянне розных удзельнікаў. Менавіта такая мадэль, заснаваная на прызнанні множнасці, але аб’яднаная агульнай прыхільнасцю да дэмакратычных каштоўнасцяў, можа стаць асновай для пераадолення бягучага крызісу.
***
Праект «Пятая рэспубліка» – толькі першы крок у больш маштабнай рабоце па выяўленні эфектыўных дыскурсіўных стратэгій кансалідацыі. Далейшыя даследаванні патрабуюць пашырэння эмпірычнай базы, уключэння праграмных дакументаў ключавых апазіцыйных структур, параўнальнага аналізу наратываў розных пакаленняў беларускай апазіцыі, а таксама вывучэння рэальнага ўспрымання гэтых наратываў мэтавымі аўдыторыямі праз фокус-групы і апытанні.
Мнения и оценки авторов могут не совпадать с мнением редакции Reform.news