8 ліпеня ў адной мінскай галерэі мелася адбыцца вечарына пра жыццёвы і творчы шлях беларускай паэткі Ларысы Геніюш. Але анонс падзеі быў заўважаны прапагандыстамі.
Азаронак, Гладкая, Гігін, Бондарава пачалі атакі як на літаратуразнаўцу Міхася Скоблу, які мусіць быў выступіць на імпрэзе, на галерэю, якая асмелілася правесці вечарыну, так і на беларускую паэтку.
У выніку цкавання галерэя зняла абвестку пра падзею, заўважыла «Еўрарадыё».
Ларыса Геніюш — беларуская паэтка, пісьменніца, грамадская дзяячка. З 1937 па 1947 гады жыла ў Празе. Уваходзіла ў Раду БНР, у 1943 годзе была прызначаная генеральным сакратаром урада арганізацыі. Была арыштаваная ў 1948 годзе, утрымліваліся ў савецкіх турмах Вены і Львова, з канца 1948 года ў турме КДБ «амерыканка» ў Мінску, дзе Геніюш дапытваў міністр дзяржаўнай бяспекі БССР Лаўрэнцій Цанава. Была асуджана да 25 гадоў зняволення ў лагерах паводле артыкула 66 «Аказанне дапамогі міжнароднай буржуазіі» і артыкула 76 «Удзел у антысавецкай арганізацыі» (Пасля тэрмін пакарання быў зменшаны да 8 гадоў). Па вызваленні жыла ў роднай вёсцы Зэльва. Прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства.
За савецкім часам і ў часы незалежнай Беларусі Геніюш так і не была рэабілітаваная. Пасля пачатку рэпрэсій 2020 года супраць беларускай паэткі праўладныя журналісты і блогеры пачалі кампанію «ачарнення» яе імя. У роднай вёсцы паэткі быў прыбраны помнік, які стаяў на тэрыторыі храма.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram