Вайцюшкевіч, Купалаўцы, Сямашка: згадваем альбомы і відэа, прысвечаныя Алесю Разанаву

Культура
Кадр з відэа «Чорна-белыя вершы: Алесь Разанаў - "Спарышы", "Сербская вёска"».

Сёння, 5 снежня, споўнілася б 76 гадоў Алесю Разанаву — выбітнаму беларускаму паэту-наватару, перакладчыку, эсэісту. Постаць і творчасць Алеся Разанава аказалі вялікі ўплыў не на адно пакаленне беларускіх аўтараў, ды не страціла значэння яго Слова і цяпер — у цёмныя часы. Reform.by вырашыў узгадаць тры праекты на вершы паэта — якія былі створаныя як у мінулыя гады, так і сёння.

Альбом «Акно» Змітра Вайцюшкевіча

Літаральна тыдзень таму Зміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra выклаў у сеціва новы альбом — «Акно». І гэты праект створаны на вершы Алеся Разанава. Вайцюшкевіч дэкламуе слынныя і не вельмі тэксты паэта, ствараючы вакол іх, разам з імі, музычнае палатно. Музыка, выкананая аркестрам, нібыта становіцца працягам верша — часам раскрываючы яго, ці надаючы розныя адценні, а часам нечакана змяняючы яго танальнасць.

Альбом атрымаўся нечаканым, эмацыйным, дынамічным, але пры гэтым терапеўтычным, творчым. Пры гэтым пагаджаешся не са ўсімі тэмамі, якія прапануе Зміцер Вайцюшкевіч для палёту разанаўскага верша.

«Акно» — гэта альбом-развага, у якім Зміцер Вайцюшкевіч прапануе ўслухацца ў паэзію Разанава і даць волю ўласным інтэпрэтацыям. І музыка тут — і як адказ, і як спрэчка.

«Голас» Купалаўцаў

Вярнемся на год назад і ўгадаем фантастычны праект Вольных Купалаўцаў «Голас». Незалежная тэатральная група стварыла фільм-эсэ, адгукнуўшыся на смерць паэта — Алесь Сцяпанавіч Разанаў пайшоў з жыцця 26 жніўня 2021 года. Відэа здымалі ва Украіне 2021-га, увосень. «У халодныя волкія туманы чыталі вершы Алеся Разанава, спрабавалі асэнсаваць тую страту. Мінуў амаль год, і стратам цяпер няма ліку — кожная адгукаецца болем», — пракаментавалі сваю працу купалаўцы.

Фільм атрымаўся прыгожым, удумлівым, атмасферным — і голас Паэта, які гучыць рознымі галасамі артыстаў, пазнаецца ў вечнасці і паветры.

«Skaryner Session» Віктара Сямашкі

Яшчэ шэсць гадоў таму Віктар Сямашка і Кумпанія запісала «Skaryner Session». У канцэрце гучыць тэкст Алеся Разанава «Францыск Скарына. Маем найбольшае самі. Кніга перастварэньняў». Музыка-імправізатар Віктар Сямашка дэкламуе тэкст у Царкве Святой Троіцы ў Друі, і ён дапаўняецца мінімалістычным гучаннем кларнэта і спевамі харалаў Сяргея і Кацярыны Раюнец. Прыгожая імша, што ўздымае тэкст Алесь Разанава ўвышыню.

Трымценне душы. Развага духу.

Слухаць альбом можна тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: