29 верасня ў Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча адбудзецца адкрыццё выставы мастацкай спадчыны Васіля Быкава з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
Мы ведаем Васіля Быкава як пісьменніка, аднак вядомы беларускі літаратар спрабаваў свае творчыя сілы і ў выяўленчым мастацтве.
Гэта асобная старонка яго творчай біяграфіі.
Васіль Быкаў захапляўся маляваннем з дзяцінства. «Выяўленчае мастацтва ўвайшло ў маю душу з малюнкаў, кніжных ілюстрацый, — сведчыць Васіль Уладзіміравіч у мемуарнай кнізе “Доўгая дарога дадому”. — Асабліва захаплялі гравюры ў старых кнігах Жуля Верна ды іншых».
У 1939 годзе, пасля сканчэння 8 класаў Кубліцкай сярэдняй школы, Васіль Быкаў паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча. Аднак увосень 1940 года, у сувязі з пагаршэннем матэрыяльнага становішча сям’і і адменай дзяржаўных стыпендый, вымушаны быў пакінуць вучобу. Пасля дэмабілізацыі ў 1947-м Быкаў прыехаў у Мінск, дзе зноў планаваў паступіць у мастацкае вучылішча. Але ў выніку патрапіў у Гродна, дзе некаторы час працаваў у мастацкіх майстэрнях.
Мастацкія практыкаванні, якія Быкаў іранічна называў «мастацкі зуд», былі яго пажыццёвым захапленнем. Аднак пра гэта ведалі толькі родныя ды блізкія сябры.
На выставе «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі» будуць прадстаўлены вобразы родных з дзяцінства мясцін, успаміны пра вайну, жыццёвыя ўражанні, прыемныя і не вельмі прыемныя выпадкі з уласнага жыцця, самаіранічныя накіды.
Выстава будзе працаваць да 13 лістапада.
Дата: 29 верасня.
Час: 17.00.
Месца: Віцебск, в. Марка Шагала, 5а.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: