У Варшаве 8–9 жніўня пройдзе штогадовая канферэнцыя «Новая Беларусь». Хаця асноўны фокус форуму традыцыйна прыкаваны да палітычных і стратэгічных трэкаў, значная частка праграмы і сайд-івэнтаў прысвечана пытанням культуры, незалежнага мастацтва і захаванню беларускай ідэнтычнасці ва ўмовах выгнання. Звярнулі на іх увагу ў нашым аглядзе.
Распачне праграму культурных падзей да канферэнцыі «Новая Беларусь» круглы стол «Мова, культура, адукацыя і медыя: нябачны фронт за Беларусь», які адбудзецца 7 жніўня з 11:00 да 12:30. У межах гэтай сустрэчы прадстаўнікі нацыянальнага адраджэння — Павел Баркоўскі, Ірэна Кацяловіч, Андрэй Лаўрухін і Ксенія — прэзентуюць policy papers па чатырох ключавых напрамках. Эксперты падзеляцца канкрэтнымі прагнозамі і рашэннямі пра тое, як не страціць нацыянальную ідэнтычнасць у сучасных умовах.
Афіцыйнае адкрыццё канферэнцыі 8 жніўня (з 10:00) распачнецца ўступным словам Святланы Ціханоўскай, а таксама спецыяльнымі відэазваротамі Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, палітвязня Алеся Бяляцкага. Пасля інтэнсіўных палітычных панэляў і дэбатаваў першы дзень форуму завершыцца на музычнай хвалі: адразу пасля падвядзення вынікаў (18:45–19:15) перад удзельнікамі з акустычным выступам з’явіцца Лявон Вольскі.
Да таго ж арганізатары нагадваюць пра ініцыятыву «Плэйліст Новай Беларусі», дзе кожны беларус можа прапанаваць сваю трэк-рэфлексію і далучыцца да стварэння супольнага альбома пра будучыню краіны.
Фінальным і найбольш маштабным акордам усяго форуму стане адзначэнне «Дня Годнасці», якое распачнецца 9 жніўня а 18:00 каля помніка Мікалаю Каперніку. У межах акцыі з прамовамі выступяць прадстаўнікі дэмакратычных сіл і замежныя дзеячы, а багатую культурную праграму забяспечаць «Вольны Хор», гурт Kriwi, Аляксей Шкурапацкі і яскравае Javaryna Fire Show.
Важным культурным прасторавым асяродкам у дні канферэнцыі стане Музей Вольнай Беларусі (ul. Foksal 11), дзе праходзіць выстава «2020: Гаворыць Мінск» (працуе з 5 па 23 жніўня). Мінск у жніўні 2020 года гаварыў мовай свабоды, салідарнасці і надзеі: фотаздымкі гарадскога пратэстнага мастацтва, бел-чырвона-белыя сцягі з асабістымі гісторыямі беларусаў, а таксама відэаінсталяцыі вернуць удзельнікаў і гасцей у атмасферу горада, які аб’яднаўся і паверыў у перамены.
Як трапіць на падзеі?
Сайд-івэнт 7 жніўня: удзел бясплатны, але патрабуецца папярэдняя рэгістрацыя праз онлайн-форму.
Выстава «2020: Гаворыць Мінск»: працуе ў Музеі Вольнай Беларусі з 5 жніўня, уваход вольны для ўсіх ахвочых.
Акцыя «Дзень Годнасці» 9 жніўня: вулічная адкрытая імпрэза каля помніка Каперніку. Падтрымаць правядзенне акцыі і арганізатараў можна праз адмысловы збор на платформе BySol.
8 і 9 жніўня з канферэнцыі будзе ладзіцца анлайн-трансляцыя. Цалкам праграма падзеі тут.
Звяртаем увагу, што беларускія спецслужбы намагаюцца даведацца пра канферэнцыю «Новая Беларусь». Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў пра адпаведныя спробы пісаць беларусам у меседжары і пытацца пра ўдзел у мерапрыемстве.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
