У Веткаўскім музеі адкрылася выстава пад загадкавай назвай «Неглюбка_33АК000089». Нумар у назве – гэта шыфр, нададзены неглюбскай тэкстыльнай традыцыі ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей, паводле якога яна адносіцца да катэгорыі А — аўтэнтычных і нязменных каштоўнасцей.
Неглюбская ткацкая традыцыя сапраўды ніколі не перарывалася і сёння, у XXI стагоддзі, працягвае развівацца.
У ткацтве выкарыстоўваюцца браная (аднаўточнае і двухуточнае), пераборная (перабор «пад палатно», двухбаковы і аднабаковы перабор), выбарная, закладная і шматнітовая тэхнікі. У вышыўцы шырока распаўсюджаны набор, крыжык, лікавая і адвольная гладзь, «строчка па выразах», тамбурны шоў, двухбаковы шоў-«роспіс».
Апроч таго, шырока выкарыстоўваюцца складаныя злучальныя швы («неглюбская мярэжка») і тэкстыльнае пляценне. Неглюбскія ручнікі выконваюцца ў бела-чырвонай, бела-чырвона-чорнай гаме, а таксама маюць складаную паліхромію (да 25 колераў і адценняў у адным вырабе).
Тканыя ручнікі вылучаюцца багаццем арнаментыкі: люстэркава-сіметрычнае размяшчэнне арнаментаў (на кожным канцы 3-9 узорных арнаментаваных палос), выкарыстанне некалькіх дзясяткаў відаў складаных геаметрычных і раслінных арнаментаў, аздабленне канцоў ручнікоў пяцельнымі махрамі з чырвоных, белых, чорных нітак.
Высокімі мастацкімі якасцямі, адметнай паліхроміяй і складанасцю арнаментацыі вызначаюцца шматлікія вырабы мясцовых майстрых: шматкаляровыя посцілкі, настольнікі, фіранкі, накутнікі і іншыя прадметы інтэр’ера.
Неглюбскі строй – адзін з найбольш архаічных і складаных строяў беларускага народнага адзення, у якім гарманічна спалучаюцца белая арнаментаваная сарочка, дробнаклятчастая панёва-плахта, суконны фартух, нагрудны фартух («запіна»), шырокі чырвоны пояс, узорная тканая хустка. Пры стварэнні традыцыйнага касцюма сёння выкарыстоўваюцца практычна ўсе пералічаныя вышэй тэхнікі ткацтва і вышыўкі.
Прадстаўленыя на выставе творы, а ў большасці гэта ручнікі, выкананы рукамі сучасных неглюбскіх ткачых – Людмілы Васільеўны Кавалёвай, Алены Мікалаеўны Дзямчыхінай, Таццяны Паўлаўны Суглоб. Кожная з іх – народны майстар Беларусі. Кожная пераймала сваё майстэрства ад неглюбскіх ткачых папярэдніх пакаленняў. Кожная мае свой непаўторны почырк у межах традыцыі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram