У музыкаў гэтага калектыву нядаўна распачаўся новы перыяд, бо ўсе яго ўдзельнікі, нарэшце, апынуліся ў бяспецы і ў адным месцы — у Варшаве. Гомельскі постпанк гурт Sož («Сож») выпусціў яскравы стары-новы сінгл «Эрас і Танатас», а таксама анансаваў свой выхад на «канцэртную сцежку»: ужо 20 снежня бэнд выступіць разам з Atesta ў варшаўскім BeerStation, а ў студзені прыме ўдзел у фестывалі беларускага постпанку Ludzie wschodu, Bialoruska zimna fala. Усё выглядала натхняльна і інтрыгоўна, і стала нагодай пацікавіцца ў фронтмэна гурта — паэта Алеся Плоткі — як ідуць справы ў калектыва. Гутарка нечакана агаліла знаёмыя для ўсіх эмігрантаў праблемы — перазборкі сваёй ідэнтычнасці і выжывання. Але гэта той выпадак, калі не хочацца расстаўляць усе кропкі над «і», бо чаго-чаго, а крызісу ідэй у музыкантаў няма.
«Трагічнае люстэрка таго стану, у якім мы знаходзімся зараз»
— Алесь, ці можна лічыць выпуск вашага новага сінгла «Эрас і Танатас» новай вехай у гісторыі Sož?
— Сінгл «Эрас і Танатас» – важны закрыты гештальт усёй той геапалітычнай метафізікі, якую гурт Sož праз сябе прапускае ад самага свайго старту. Тэкст быў напісаны ўвесну 2020 года, я жыў яшчэ ў Чэхіі, і акурат падчас вясновага візіту ў Гомель ён і быў напісаны. Тэкст-прадчуванне, збітае дыханне ад таго, што ўжо было ў паветры. Тады быў створаны гэты тэкст, тады на сельмашаўскай кухні і пачаўся Sož. Гэта першы рэліз з «варшаўскага перыяду», часу, калі гурт стаў знаходзіцца ў адным месцы.
«Эрас і Танатас» – гэта таксама вялікі крок наперад у музычным складніку гурта, у кампазітарскай і гуказапісвальнай працы. Усе музыкі моцна выраслі за гэты час, гэта вяршыня таго творчага шляху, які мы як калектыў прайшлі: еднасць музыкі і словаў, абсалютна іншы ўзровень творчага паразумення і гармоніі. Сімвалічна, што ён выйшаў на рэтраградным Меркурыі, і гэта і пэўнае падсумаванне і такое амбівалентнае трагічнае люстэрка таго стану, у якім мы знаходзімся зараз.
— Вось і паварот! Так і дзе зараз знаходзяцца ўсе ўдзельнікі банды? І як сябе пачуваюць?
— Мы ўсе ў Варшаве. Шчыра скажу, у гурце зараз цяжкая, гнятлівая сітуацыя, пастаянныя канфлікты. Мы сталі знаходзіцца ў адным месцы, і высветлілася, што ў розных удзельнікаў гурта розныя глабальныя мэты. Я асабіста на сённяшні дзень не ўпэўнены, што пераехаць у Польшчу, каб далучыцца да гурта фізічна, было правільным рашэннем. Карацей, класічная постпанк атмасфера, то маніякальная фаза, то дэпрэсіўная. Эрас і танатас.
Гэта быў максімальна транзітны для ўсіх год, мне дык ён даўся цяжэй, чым 2022-гі ва Украіне.
Але вынікі ёсць, ёсць, што адсвяткаваць: быў выдадзены сінгл, запісаны наступны, канцэртная праграма пашырылася і гучыць лепей. Хапае матэрыялу, каб пісаць альбом.
«Наш постпанк сёння я бы назваў Homel-Less»
— Алесь, гэта сумна чуць. Бо я памятаю ваш альбом «Апошнія танцоры», які выйшаў у 2022 годзе — і шчыра кажучы, гэта плытка сталася адкрыццём для мяне. «Унутры сябе мы не згубілі мора» — узгадаю радкі з вашай песні, ды ўвогуле пасланне альбома было такім скамплектаваным. «Дэпішаўскі» індастрыял, «маккартаўская» вусціш і беларуская трасца. У музыцы адчуваліся злосць, расчараванне і адначасова такая ўпартасць. Гэта не кажучы пра постапакаліптычны настрой, скажам так. На якім эмацыйным плато вы зараз знаходзіцеся?
— Дзякуй вялікі за цёплыя словы. Што да альбомаў, то я хачу папрасіць прабачэння ў тых людзей, хто чакае, і справядліва, ад гурта Sož поўнафарматны альбом. Я асабіста зрабіў усё магчымае, але гэта не мой аўтарскі сольны праект, у гурце сёння чатыры музыкі, як Beatles, і калі ўмоўны сэр Пол МакКартні не бачыць каштоўнасці ў альбоме, то ва ўмоўнага Джона Ленана няма рычагоў уплыву. Таму я хачу публічна зняць з сябе за гэта адказнасць.
У прынцыпе нічога новага ў гісторыі сусветнай рок-музыкі з намі не адбываецца, ёсць некалькі класічных сцэнароў. Маім асабістым спадзяваннем было, што наш дыялог і супраца будуць ісці па мадэлі Doors, сустваральнай, але сёння мы існуем у мадэлі Beatles, болей контраверсійнай. Маємо те, що маємо.
Для справядлівасці я магу карэктна перадаць і аргументацыю той часткі калектыва, якая не лічыць выхад альбома як менавіта альбома самамэтай. Гіпотэза тут такая, што гурту, які знаходзіць сваіх слухачоў ужо ў эміграцыі (а не прывёз іх з сабою, як Вольскі, ці «Пятля Прыхільнасці» ), альбом нічога не дасць і не стане падзеяй, а трэба крок за крокам выпускаць сінглы і даваць канцэрт за канцэртам, што будзе даваць паступовы прырост слухачоў і падвышэнне пазнавальнасці.
Таму маё асабістае эмацыйнае плато вельмі дзіўнае – мне вось трэба даваць інтэрв’ю і, напэўна, рабіць акцэнты выключна на нейкія поспехі і дасягненні, а ў мяне ўнутры значная незадаволенасць тым, як працуе гурт і што ў ім адбываецца. Гэта перастала прыносіць задавальненне, але ты працягваеш гэтым займацца, як гераін, адным словам. Гэта даволі забаўна.
— Цікава, што ў тваім адказе таксама, нягледзячы на галоўны пасыл пра крызіс, ідзе і гаворка пра выпрацоўку стратэгіі прасоўванння гурта ў эміграцыі. Што менавіта для вас лепей — і мне падаецца, што гэта прыкмета добрая, нягледзячы на тое, што вы зараз не знайшлі рашэння, якое б усіх задаволіла. Якія былі ў вас арыенціры музычныя, калі вы стваралі «Апошнія танцоры»? Патрабаванне да гучання? Мне ўсё ж хацелася б зачапіць і музычны складнік.
— Класічны постпанк і, з майго боку, «Лінія Манергейма». Але знову ж, жывое выкананне гэтых песень сёння іншае, са сваімі плюсамі.
— Як зараз змяняецца ваша музыка? Якую прыстаўку можна дадаць у актуальны момант да вашага гомельскага постпанку?
— Музыка становіцца болей атмасфернай, найперш дзякуючы электроннаму складніку. Але і агульнай працы ў гэты бок: трапнай гітары, пульсуючаму басу і тэрапеўтычным тэкстам. Я найперш паэт, але ў сваім тэмпе займаюся вакалам, таму на другім альбоме я быў бы рады, каб мы дараслі да готык-рока. Да чыстага цёмнага мастацтва. Наш постпанк сёння я бы назваў Homel-Less (гульня словаў Homiel I homeless — бяздомны). Калі ён аформіцца ў першы альбом, гэта зменіцца, бо гэтыя песні нарэшце перастануць бамжаваць і будзе іншае адчуванне прасторы.
«Ёсць новыя песні, абсалютна крышазносныя»
— Ок, чаго чакаць зараз ад Sož?
— Ёсць дакладныя планы на зіму!
Наперадзе канцэрты: снежаньскія калядныя канцэрты з Атэстай (20 снежня – праскі BeerStation, 21 снежня канцэрт у Лодзі) і 17 студзеня фестываль Ludzie wschodu, Bialoruska zimna fala, дзе выступяць гурты Kowelskie Psy, Serbskiy Nozh, Sož і Prorva. Гэта першы акт прадстаўлення новай беларускай постпанк сцэны ў Польшчы, такі стратэгічны культурны дыялог.
Далей мы пакуль не робім планаў, у нас ёсць джэнтльменская дамоўленасць здзейсніць вось гэтае ўсе. Пасля фестывалю ў нас запланаваная вялікая размова пра тое, як гурт мае існаваць далей і ці мае ён існаваць увогуле. Калі мне хопіць сілаў дапісаць сцэнар, здымем кліп. Запісаны і зводзіцца наступны сінгл, яшчэ болей круты, чым гэты. Завялі сабе акаунт на BuyMeaCoffee, асабліва ўдзячныя за дапамогу нашым слухачам, хто нас падтрымаў данатам, бо кліпы і песні не з’яўляюцца проста з паветра.
У святле ўсяго апісанага мы асабліва радыя пабачыць усіх на канцэртах, ёсць новыя песні, абсалютна крышазносныя, вельмі крутыя, некаторыя з іх я шчыра лічу геніяльнымі, нават мне падабаецца іх выконваць, а я не вельмі люблю жывыя выступы, хоць на сцэне і адчуваю сябе асабліва добра і ўтульна. Ва ўсіх сэнсах — кожны канцэрт гэта нешта непаўторнае, драйв жывых эмоцый, радасць моманту. Sož заўжды на сцэне грае як у апошні раз, а ў 2024-м дык і пагатоў.
«Постпанк-аўдыторыя болей адкрытая да разнамоўя»
— Алесь, заўважу такі факт, што твае вершы гучаць у шматлікіх кампазіцыях, не толькі ў «Сож». З апошніх, калі не памыляюся — у дэбютным альбоме Паліны Дабровольскай «Слова». Ці чакаецца, мо, супрацоўніцтва з іншымі музыкамі, творцамі? Як ужываюцца ў цябе іпастасі паэта і музыкі? Хто там дамінуе?
— Эй вы двое, хадзіце-ка но сюды! (усміхаецца) Музыка ратуе мяне ў часы, калі паэзіі няма месца. Ды багата ўсяго навыходзіла пасля «Слова» (цудоўны трэк, дарэчы, цешуся і далейшаму шляху артысткі). PinkLimit у Берасці выпускаў трэкі, толькі што я даведаўся прама на канцэрце, што гурт Zmora выконвае мой тэкст, у Чэхіі выйдзе альбом RAZAM a Iva Marešová, названы радком майго верша, верш таксама там выконваецца.
Музыкі Sož прымаюць удзел у розных праектах. Я бы таксама з радасцю пасупрацоўнічаў з нейкім яшчэ, зараз максімальна адкрыты да творчых прапановаў. Мая асноўная сфера зацікаўленасці сёння – студыйны запіс.
— Заўважу, што зараз у эміграцыі апынулася цэлая плеяда актуальных беларускіх гуртоў: ад Syndrom Samazvanca — да Relikt. Якая будучыня беларускіх бэндаў у выгнаннні, абапіраючыся на твой, ваш досвед? Ці плануе гомельскі «Сож» заклабіцца з кімсьці з калектываў? Ці не асцерагаешся моцнай канкурэнцыі за гледача?
— Я бы хацеў запісаць адзін трэк з адной артысткай, якую вы не ведаеце, болей планаў на калабу ў мяне няма. Хаця ідэя пра калабу з Relikt класная, гэта жывыя геніі сярод нас, апошнія шаманы, у нас моцная энергетычная сувязь.
Пра слухачоў/гледачоў. Мы ўжо зараз бачым, якую колькасць квіткоў на фестываль Ludzie wschodu, Bialoruska zimna fala бяруць слухачы польскія. Праз год ці два, калі фестываль будзе паўтарацца, я думаю, там палякаў будзе болей, чым беларусаў. Постпанк-аўдыторыя болей адкрытая да разнамоўя (прыклад «Молчат Дома» гэта падкрэслівае тоўстым маркерам), таму нам троху прасцей, чым музыкам, што граюць болей артадаксальны беларускі рок.
Вялікі горад, вялікая краіна, багата падзеяў. Вось высветлілася, што ў дзень фэста Ludzie wschodu, Bialoruska zimna fala пройдзе таксама тэатральны фестываль InexKult, даволі цікавы па кантэнце. Дарагія чытачы, вось адкажыце сабе, што вы болей любіце – тэатр ці музыку, толькі без палемікі вялікабеларускай, вось нешта адно. І тыя з вас, хто болей любіць тэатр, абавязкова купіце квіток туды прама зараз, не дачытаўшы гэтае інтэрв’ю да канца, а тыя, хто музыку – на фэст музычны. І так нашая культура і выжыве.
«Мы рухаемся ў правільным кірунку»
— Акрамя выжывання. Што, на твой погляд, зараз адбываецца ў беларускай культуры? Абапіраючыся на адзін з пасылаў беларуска-ўкраінскай фотакнігі «Крывавыя землі» (дзе ты з’яўляешся адным з аўтараў), ці пазбавілася беларуская прастора ўплыву рускай культуры? Ці сталі мы за гэты час больш самадастатковымі?
— О так, адназначна. Апішу гэта так. Са мной нядаўна адбылося абсалютна кінематаграфічнае і класічнае па змесце здарэнне. Мы з жонкай зайшлі ў адну з маіх любімых варшаўскіх старасвецкіх нораў, такое месца з пірожнымі «Баядэркам», якія я называю «Бандэраўка» (смяецца). І не было дзе сесці. І пара беларускіх творцаў, троху маладзейшая, мяне пабачыла і нас паклікала за свой столік. І мне так стала цёпла на душы, не ў тым сэнсе, што «Дело, друзья, иногда даже деньги, и вино, и с кем его пить», а ў тым сэнсе, што я адчуў, як адгукаюцца словы і песні, вось так, пакаленне за пакаленнем гэта расце, жыве і множыцца і будзе далей, твор за творам, душа за душой. Я так удзячны гэтым хлопцам, віртуальна іх абдымаю. Цудоўнае, магутнае адчуванне. Што мы культура, што мы нацыя.
Так што да, мы рухаемся ў правільным кірунку. Як Сож, які заўжды цячэ ў Чорнае мора.
Дазнацца больш пра бліжэйшы канцэрт гурта можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram