Сёння ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве ўзяла старт Беларуская музейная лабараторыя, ініцыятыва па аб’яднанні музейных спецыялістаў у выгнанні, гісторыкаў, даследчыкаў, культуролагаў, экспертаў у справе захавання спадчыны.
Як сказала падчас старту падзеі кіраўніца Музея Вольнай Беларусі ў Варшаве Наталля Задзяркоўская, мэта Музейнай лабараторыі — абмеркаваць і вызначыць разам магчымую місію аб’яднання спецыялістаў і інстытуцый, магчымыя шляхі ўстойлівасці і ўплыў супольнасці.

«Мы жывем у няпростыя часы, частка нашых калег у Беларусі знаходзіцца пад ціскам рэпрэсій, татальнага кантролю, шмат супрацоўнікаў музеяў — у эміграцыі, і мы лічым важным выпрацаваць нейкія шляхі вырашэння праблемаў, практычныя рашэнні, якія могуць узмацніць нашу прафесійную супольнасць».
«Абмяркоўваючы назву аб’яднання, — дадала яна, — мы вырашылі, што ў назве «Лабараторыя» закладзена практычная накіраванасць. («Інстытут» мы таксама разглядалі). Калі ў нас будуць фармулявацца нейкія грунтоўныя наратывы — гэта вельмі добра, але ў першую чаргу мы планавалі дапамагчы самім сабе і паўплываць на тую сітуацыю, якая сёння ў Беларусі з нашымі калегамі».
У падзеі прымаюць удзел: Дом Вольнай Беларусі ў Львове, Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча, Беларуская бібліятэка і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане, а таксама пра сваю даследчую працу распавядуць: Святлана Курс, Сяргей Будкін, Паўліна Вітушчанка і іншыя эксперты.
Сёння, 6 сакавіка, адбудзецца прэзентацыя дзейнасці часткі музейных ініцыятываў, дыскусія пра актуальныя праблемы культурнай і гістарычнай спадчыны ва ўмовах эміграцыі. Заўтра, 7 сакавіка, Беларуская музейная лабараторыя працягне працу, каб вызначыць далейшыя захады па ўзмацненні сувязяў музейшчыкаў, распрацаваць шляхі ўзаемадзення і падтрымкі.
Мерапрыемства ладзіцца ў афлайн і анлайн-фарматах.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram