Учора на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі адбылася прэм’ера спектакля «Карней». Рэжысёрам новай пастаноўкі па творах Уладзіміра Караткевіча выступіла актрыса і сцэнарыстка Алена Зміцер.
У аснове спектакля — апавяданне беларускага пісьменніка «Карней — мышыная смерць», але таксама у аповед уключаны ўрыўкі з іншых ягоных твораў, вершы і эсэ.
«Карней» – спектакль, у якім галоўным прадметам даследавання становіцца Дом, — адзначаецца ў анатацыі да пастаноўкі. — Дом як сімвал, як пачуццё, як сувязь з роднай зямлёй, як злучальнае звяно пакаленняў, досведаў, часоў і выпрабаванняў.
Галоўны герой Карней – мясцовы пацукалоў, неадназначны, дзівакаваты чалавек, якога любяць усе дзеці і, як потым выяўляецца, усе мышы. Ён марыць аб Доме, шукае яго – сваё месца. Аднак, калі знаходзіць, здараецца страшнае… Вайна, перад тварам якой чалавек, як і ўсё жывое, – вельмі хісткая, крохкая істота, дробязь, пясчынка. Як, сутыкнуўшыся з такой дадзенасцю, такой рэчаіснасцю, засцерагчы, адстаяць, абараніць сімвал сувязі з роднай зямлёй, родам – свой Дом?..».
Аўтарамі інсцэніроўкі з’яўляюцца Мікалай Музычэнка і Алена Зміцер.
Мастак-пастаноўшчык — Марына Алекна.
У спектаклі задзейнічаны: Дзяніс Аўхарэнка, Ганна Семяняка, Арцём Курань, Дзмітрый Давідовіч, Людміла Сідаркевіч, Аляксандр Ніканенка, Ігар Сідорчык, Сыргей Шымко, Максім Брагінец, Юлія Лазоўская і іншыя акцёры.
Рэжысёрка Алена Зміцер так патлумачыла свой выбар аўтара.
«Я люблю аўтараў, якія размаўляюць з вечнасцю. […] Для мяне важна, каб той матэрыял, які я бяру, ішоў адтуль, з глыбокай, бяздоннай упадзіны часу, існавання, «марыянскай упадзіны» чалавецтва — і таму Караткевіч.
Уладзімір Сямёнавіч – гэта наш культурны код. Можна гэтага не ўсведамляць, ні разу не чытаць яго творы, не ведаць мовы. Але калі ты – беларус і табе ў рукі трапляецца кніга Караткевіча, на падсвядомым узроўні ты будзеш разумець, аб чым піша наш класік. Ён падымае глыбіннае, піша ад жывата, нават не ад сэрца, не ад галавы, а ад жывата. Тое, што немагчыма растлумачыць, што, здаецца, немагчыма ўвабраць у словы, ён робіць магчымым: знаходзіць трапныя вобразы, сімвалы, гісторыі… Калісьці свет трымаўся на кіце, чарапасе і сланах, ды вось, мне думаецца, што дзесьці між імі для Беларусі быў Караткевіч…».
Бліжэйшыя паказы спектакля адбудуцца ўжо праз месяц — 22 жніўня, і далей — у верасні — 1 і 27 чысла.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: