У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі з 19 па 22 снежня адбудуцца прэм’ерныя паказы спектакля «Заручыны».
«Заручыны» – паведамляе анатацыя, — дзве гісторыі заручын і два спектаклі ў адзін вечар. Тэатральная гасцёўня як неад’емная частка «вечара гарадскіх камедый» і глядач, што пагрузіцца ў каларыт і атмасферу Мінска канца XIX – пачатку XX стагоддзяў і стане сапраўдным сутворцам гарадской культуры таго часу».
Паводле рэжысёркі і па сумяшчальніцтву дырэктаркі тэатра Святланы Навуменка, гэтым спектаклем тэатр звяртаецца да нацыянальнай беларускай драматургіі і да аднаактавай п’есы, «якія незаслужана, на наш погляд, сышлі калісьці «ў цень». Мы жадаем, каб кожны глядач з першых хвілін знаходжання ў тэатры адчуў сябе мінчанінам таго часу».
Спектакль анансуюць як камедыю з «эксклюзіўнымі» песнямі на вершы Янкі Купалы, з яскравый пластыкай і харэаграфіяй.
«У спектаклі – аўтэнтычныя тэксты, пластыка, шмат вакалу, які выконваецца ўжывую, а яшчэ ў камедыях працуюць самыя маладыя акцёры тэатра разам з вопытнымі майстрамі сцэны», — паведамляе афіша.
Самыя маладыя акцёры з’явіліся ў прм’ерным спектаклі не проста так. 14 лістапада адыграў свой апошні спектакль Дзяніс Аўхарэнка. Неўзабаве перад гэтым былі звольнены зоркі калектыву Максім Брагінец, Зміцер Давідовіч, Арцём Курэня і Ганна Семяняка.
Адразу пасля выбараў 2020 года ў знак пратэсту з РТБД звольніліся Андрэй Новік і Мікалай Стонька. Ілля Ясінскі быў вымушаны з’ехаць з краіны пасля таго, як яго затрымалі на адным з маршаў. У канцы 2021 года з тэатра быў звольнены мастацкі кіраўнік Аляксандр Гарцуеў, які ўзначальваў РТБД з 2012 года. РТБД пакінулі Алена Баярова, Марыя Пятровіч, Марына Здаранкова і Максім Шышко.
Па прычыне сыходу актораў, якія гралі ў лепшых і самых касавых спектаклях — «Шлюб з ветрам», «Забалоцце», «Пачупкі», «Карней» — гэтыя спектаклі не аднавілі, у афішы іх больш няма. Рэпертуар тэатра відавочна змяніўся. Пераважаюць камедыі і трагікамедыі, некалькімі спектаклямі прадстаўлена ваенная тэма.
Нагадаем, што ў 2023 годзе спектакль «Пачупкi» стаў уладальнікам «Залатой маскі» — галоўнага прыза міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму «М@RT.Кантакт» у Магілёве.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram