4 і 5 чэрвеня на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі адбудзецца прэм’ера легендарнага твора рускага пісьменніка-сатырыка, драматурга, сцэнарыста Рыгора Горына «Памінальная малітва» ў рэжысёрскім прачытанні заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі Юрыя Пахомава, — паведамляе сайт тэатра.
П’есу «Памінальная малітва», напісаную драматургам па матывах твораў яўрэйскага пісьменніка Шалом-Алейхема, упершыню паставілі ў Маскоўскім дзяржаўным тэатры «Ленкам» Марка Захарава.
Галоўны герой спектакля «Памінальная малітва» – Тэўе-малочнік (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў) – мае самага вернага сябра ў жыцці – Бога. Аднак гэты кантакт не пазбаўляе невялічкі свет вёскі Анатаўка, дзе Тэўе жыве разам з сям’ёй, скалануцца сапраўднымі выпрабаваннямі. Умоўнасці разбураюцца, трашчыць па швах звыклы ўклад, але, нягледзячы на гэта, галоўны герой знаходзіць у сабе сілы ўсміхнуцца і застацца чалавекам.
Юрый Пахомаў – пастаноўшчык, акцёр, галоўны рэжысёр Бранскага абласнога тэатра юнага гледача, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі. У яго творчай скарбонцы больш за 80 спектакляў, створаных па п’есах класікаў сусветнай драматургіі і творам сучасных аўтараў.
У Беларусі рэжысёр паставіў 17 спектакляў, у тым ліку ў Віцебску, Гродне, Бабруйску і Мінску. Пастаноўка «Памінальная малітва» – першая праца Юрыя Пахомава на сцэне РТБД.
Спектакль ідзе ў перакладзе Вольгі Каваленкі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram