У Мілане адкрылася выстава беларускай мастачкі Алы Савашэвіч пад назвай «1374»

Главное
Ала Савашэвіч. «Дзяўчаты, куйце жалеза, пакуль горача». 2024. Фота: eastcontemporary.

Ала Савашэвіч працуе з тэмамі ідэнтычнасці, памяці, траўмы і гендару, разглядаючы ў сваіх творах падзеі нядаўняй гісторыі і іх уплыў на сучаснасць. Апошнія яе праекты прысвечаны гендарнай дыскрымінацыі жанчын і іх нябачнай працы ў патрыярхальным грамадстве. Яна пераасэнсоўвае ролю жанчын у гісторыі праз прызнанне іх працы, як матэрыяльнай, так і нематэрыяльнай.

Назва выставы — «1374» — гэта колькасць гадзін, якія мастачка Ала Савашэвіч выдаткавала на стварэнне твораў для гэтай экспазіцыі.

Падаўленне і нябачнасць – з’явы, ад якіх гістарычна пакутавалі жанчыны, – трансфармуюцца ў яе творах праз тэму працы (у тым ліку мастацкай) у акт супраціву.

У Мілане адкрылася выстава беларускай мастачкі Алы Савашэвіч пад назвай «1374»
Ала Савашэвіч. «На галовах, руках, нагах». 2024. Фота: eastcontemporary.

Найбольш характэрным прыкладам гэтай трансфармацыі з’яўляецца твор «На галовах, руках, нагах», у якой жаночыя постаці падтрымліваюць дах вялікага партала. Постаці адсылаюць да грэчаскіх карыятыдаў, аднак франтон нагадвае элемент канструкцыі вясковых беларускіх хатаў, а салома, матэрыял, з якога зроблены твор, сімвалізуе сонечнае святло і жыта, важныя рэчы вясковага жыцця. Фон афарбаваны ў чырвоны колер, колер захаду сонца, час, калі надыходзіць канец працоўнага дня.

Дзве вазы на выставе («Дзяўчаты, куйце жалеза, пакуль горача») выкананы з выкарыстаннем саламянай аплікацыі і адлюстроўваюць іканаграфію партала. Жанчыны на выявах занятыя працоўнай дзейнасцю, якая звычайна асацыюецца з мужчынамі, напрыклад, кавальскай справай — рамяством, якое лічыліся ў савецкім грамадстве даволі прэстыжным.

У Мілане адкрылася выстава беларускай мастачкі Алы Савашэвіч пад назвай «1374»
Ала Савашэвіч. «Sew Your Own». 2022. Фота: eastcontemporary.

У сталёвай скульптуры «Sew Your Own» з сотняў металічных кольцаў мастачка спляла фартух-панцыр, ужыўшы тую ж тэхніку, што і для вырабу кальчужнай стужкі «Міс работніца», якая прыкладаецца да аднаго з рэдкіх партрэтаў бабулі мастачкі, зробленага падчас бясконцых гадзін яе ручной працы. І стужка, і фартух засведчваюць сэксісцкія погляды, глыбока ўкаранёныя ў грамадстве. Створаныя ў выніку працяглага працэсу аб’екты падкрэсліваюць рэальную нагрузку, якую нясе жаночае цела, выконваючы ролю, адведзеную жанчынам у грамадстве.

У Мілане адкрылася выстава беларускай мастачкі Алы Савашэвіч пад назвай «1374»
Ала Савашэвіч. «Надзя працуе». 2024. Фота: eastcontemporary.

Для тэкстыльнага аб’екта «82 гадзіны» мастачка вышывае колькасць гадзін, затрачаных на сваю персанальную выставу ў Вроцлаве. Напружана працуючы над сваімі творамі, мастачка адчувала сувязь са сваімі продкамі, бабулямі і прабабулямі, якія займаліся тэкстыльнымі рамёствамі, і з пакалення ў пакаленне ў яе сям’і панаваў культ працы. Таму для аўтаркі важна, што ўсе свае тэхналагічна складаныя творы яна выконвае сама.

У Мілане адкрылася выстава беларускай мастачкі Алы Савашэвіч пад назвай «1374»
Ала Савашэвіч. «82 гадзіны». 2024. Фота: eastcontemporary.

Мастачка аналізуе, што яе прымусіла працаваць дзеля адной выставы з ранку да вечара і без выходных. «Ці гэта капіталістычная сістэма, якая вымагае працаваць, бо грошы — рэч, надзвычай важная ў сучасным жыцці, — распавяла reform.news Ала Савашэвіч. — Ці гэта патрабаванні сферы мастацтва, у якой каб быць бачнай, трэба тварыць зранку да вечара. Ці спалучэнне гэтых дзвюх сфер — капіталізму і мастацтва, бо калі цябе запрашаюць на персанальную выставу, чакаецца, што ўсе твае творы павінны быць новыя. Ты ім тлумачыш, што вельмі шмат працы для гэтага патрабуецца, бо я ўсё раблю ўручную, але цябе не ўсе разумеюць. Мала таго, што я і так вельмі да сябе патрабавальная, але і абставіны, у якіх сёння дзейнічае мастак, вымагаюць пастаянных увагі і высілкаў».

У Мілане адкрылася выстава беларускай мастачкі Алы Савашэвіч пад назвай «1374»
Фрагмент экспазіцыі выставы Алы Савашэвіч «1374». Фота: eastcontemporary.

«Прадстаўленыя на выставе працы распавядаюць аб эксплуатацыі целаў «агентаў», якія застаюцца на задворках гісторыі, — піша куратарка выставы К’яра Нуццы, — але пры гэтым – з дапамогай мовы, дзеянняў, жэстаў і рухаў – прэтэндуюць на экзістэнцыяльную і палітычную прастору ў калектыўным, эгалітарным і адносным вымярэнні, што, на думку філосафа Ханны Арэндт, з’яўляецца адзінай рэальнай магчымасцю існавання свабоды».

Выстава будзе працаваць да 19 кастрычніка.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: