У гомельскай Карціннай галерэі Гаўрыіла Вашчанкі адкрылася выстава «Свечка — ікона Богам дадзеная. Духоўная спадчына Гомельшчыны».
На ёй экспануюць народныя іконы канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў, якія ў тым ліку з’яўляліся «свечкамі».
![У Гомелі адкрылася выстава пра народныя іконы «свечкі»](https://reform.news/wp-content/uploads/2024/07/a7ff1b02-f0a7-4ccc-9c7e-40f7af15b05c.jpg)
Фота: facebook/vetkamuseum
«Свечкамі» на Гомельшчыне называюць як ікону, гэта можа быць выява Ісуса Хрыста, Маці Божай, любога святога, так і спецыяльна зробленую і апранутую ў пашытую для яе вопратку свечку. Згодна з традыцыяй, «Свечка» па чарзе знаходзіцца ў дамах усіх жыхароў вёскі: год — у адным, год — у другім, і так пакуль не абыдзе ўсю вёску.
![У Гомелі адкрылася выстава пра народныя іконы «свечкі»](https://reform.news/wp-content/uploads/2024/07/5cfb3feb-4389-44d4-a0d3-7a0faf7e4913.jpg)
Фота: facebook/vetkamuseum
Пераносілася «Свечка» ў дзень памяці святога, якому яна прысвячалася.
Гэты абрад можа праходзіць да двух дзён. У першы дзень (звычайна ўвечары) усе збіраюцца ў хаце, дзе знаходзіцца «Свечка», і чытаюць богаслужэбныя тэксты, спяваюць хвалебныя песнапенні, гаспадар частуе гасцей. На наступную раніцу «Свечка» пераносіцца да новых гаспадароў, дзе гэтак жа адбываюцца набажэнствы, чытаецца Біблія, спяваюцца псалмы і ладзіцца святочны абед. Вуліца, па якой нясуць «Свечку», высцілаецца саломай ці кветкамі, галінкамі ялін, а таксама палатном.
![У Гомелі адкрылася выстава пра народныя іконы «свечкі»](https://reform.news/wp-content/uploads/2024/07/a5ca7a01-6661-45d5-b187-6eda1de27c27.jpg)
Фота: facebook/vetkamuseum
Паводле даследчыкаў, калі на Гомельшчыне галоўны атрыбут «Свечкі» — гэта ікона (а свечкі можа і не быць), то на Магілёўшчыне галоўнай з’яўляецца свечка (іконы можа не быць).
![У Гомелі адкрылася выстава пра народныя іконы «свечкі»](https://reform.news/wp-content/uploads/2024/07/d7f16d40-d75a-46af-bdc8-2217b54cc319.jpg)
Фота: facebook/vetkamuseum
З канца 1980-х гадоў «Свечка» паступова пачынае губляць сваё месца ў мясцовай культуры. Цяпер у большасці вёсак абрад захоўваецца ў скарочаным варыянце.
![У Гомелі адкрылася выстава пра народныя іконы «свечкі»](https://reform.news/wp-content/uploads/2024/07/b69cc9ac-f308-490f-9982-30ae7f7ac32e.jpg)
Фота: facebook/vetkamuseum
На выставе прадстаўленыя аўтэнтычныя і рэканструяваныя свечкі, якія існавалі і існуюць на Гомельшчыне, а таксама разнастайныя народныя іконы з фондаў Гомельскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, з фондаў Веткаўскага музея, храмавыя іконы (напрыклад, з неглюбскай Мікольскай царквы), а таксама экспедыцыйныя фотаздымкі супрацоўнікаў Веткаўскага музея, бо менавіта Веткаўскі музей першы пачаў займацца даследаваннем і вывучэннем унікальнага абраду пераносу Свячы.
Выстава прысвечана 200-годдзю з дня асвячэння Свята-Петра-Паўлаўскага кафедральнага сабора Гомеля.
Выстава працуе да 25 жніўня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: