Тэматычны выходны «Купалле» ў музейным комплексе «Дукорскі маёнтак» пад Мінскам, запланаваны на 28 чэрвеня, не адбудзецца. Пра тэрміновую адмену арганізатары паведамілі ў сваіх сацсетках без тлумачэння прычын.
Грошы за квіткі, набытыя анлайн праз BezKassira, гасцям прапануюць вярнуць самастойна ў асабістым кабінеце, а запісы на фірмовы трансфер будуць ануляваныя аўтаматычна. Сам комплекс 28 чэрвеня будзе працаваць у рэжыме звычайных аглядных экскурсій.
«Дукорскі маёнтак па-ранейшаму чакае ўсіх у госці на аглядныя экскурсіі, прагулкі па 200-гадовым парку і вясёлае баўленне часу на 25 га комплексу з 10:00 да 19:00», — паведамілі ў сацсетках прадпрыемства.
Нагадаем, што адмена фэсту адбываецца на фоне праблем пляцоўкі з кантралюючымі органамі. Напрыканцы мая «Дукорскі маёнтак» трапіў пад увагу праверак пасля скандалу ў сацсетках вакол мясцовага заасада: адной наведвальніцы не спадабаўся выгляд жывёл. Маёнтак пасля скаргаў наведала праверка і не знайшла парушэнняў, звязаных з умовамі ўтрымання звяроў — яны адпавядалі патрабаванням. Але органы выявілі недагляд у пытаннях абыходжання з адходамі, а таксама запыталі дакументы на конт рэгістрацыі дзікіх жывёл. За некалькі дзён маёнтак з праверкай наведала чатыры інстанцыі рэспубліканскай і мясцовай значнасці.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
