Сёння 100 гадоў Янку Запрудніку – аднаму з найбольш актыўных дзеячаў беларускай дыяспары ў ЗША, гісторыку, публіцысту і паэту

Культура
Янка Запруднік. Фота: радыё Свабода

Янка Запруднік (1926 – 2022) быў адным з найбольш актыўных і вядомых дзеячаў беларускай дыяспары ў ЗША, доктарам гістарычных навук і ганаровым сябрам Беларускага ПЭН-цэнтру.

Янка Запруднік (сапраўднае імя – Сяргей Вільчыцкі) нарадзіўся 9 жніўня 1926 года ў Міры, падчас нямецкай акупацыі скончыў прагімназію ў Баранавічах і некалькі класаў гандлёвай школы, належаў да Саюза беларускай моладзі. Летам 1944 года выехаў з Беларусі, змяніў імя на Янку Запрудніка.

У Вялікабрытаніі Янка Запруднік актыўна ўдзельнічаў у жыцці беларускай дыяспары, быў актывістам Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі. У 1950 годзе пераехаў у Бельгію, дзе скончыў гістарычны факультэт Лювенскага ўніверсітэта. З верасня 1954 года працаваў у беларускай секцыі «Радыё Вызваленне» (сёння – «Радыё Свабода»).

У 1957 годзе Янка Запруднік пераехаў у ЗША. Там працягнуў працу на «Радыё Свабода», а ў 1969 годзе ў Нью-Ёркскім універсітэце абараніў дысертацыю на тэму «Палітычнае змаганне за Беларусь у царскіх Дзяржаўных думах (1906-1917 гг.)» і атрымаў ступень доктара гісторыі. Выкладаў гісторыю Расіі і СССР у Квінскім каледжы Нью-Ёрскага ўніверсітэта.

Сёння 100 гадоў Янку Запрудніку – аднаму з найбольш актыўных дзеячаў беларускай дыяспары ў ЗША, гісторыку, публіцысту і паэту
Адназ кніг Янкі Запрудніка. Фота: Francis Skaryna Belarusian Library and Museum in London

Янка Запруднік быў адной з цэнтральных постацяў беларускай эміграцыі ў ЗША, рэдактарам газеты «Беларус» (1980–1995), сябрам Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА), актывістам беларускіх праваслаўных прыходаў.

Навуковая дзейнасць і публіцыстыка Янкі Запрудніка ў асноўным была прысвечана гісторыі Беларусі. Яго высновы адрозніваліся ад канцэпцыі гісторыі беларускай дзяржаўнасці, якая існавала ў БССР. Напрыклад, у працах «Савецкія канцэпцыі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага» і «Дзяржаўнасць Беларусі ў дасавецкую пару» аспрэчвалася сцвярджэнне савецкіх гісторыкаў аб тым, што беларускі народ упершыню прыступіў да стварэння сваёй дзяржавы толькі пры савецкай уладзе.

Яго доктарская праца «Палітычнае змаганьне за Беларусь у царскіх Дзяржаўных думах (1906–1917 гг.)» з’яўляецца моцным аналітычным рэсурсам для разуменьня сучасных праяваў феномену заходне-русізму. Праца прысвечана беларускаму пытанню ў Дзяржаўных Думах, у гэтых дэбатах гісторык бачыў вытокі нашай палітычнай думкі і гісторыі дзяржаўнасці.

Таксама Янка Запруднік вядомы і як паэт. Пісаў пад псеўданімам Сяргей Ясень. У 2017-м выйшаў зборнік яго твораў «Берагу майго зарніцы: паэзія (1946–2017): дзённік (1949―1954)».

Янка Запруднік быў мецэнатам, падтрымліваў беларускія праекты, апекаваўся гісторыкамі ў Беларусі, быў тут жаданым госцем. Апошні раз наведваў радзіму ў 2016 годзе, у 90-гадовым узросце, тады ён арганізаваў у Мінску прэзентацыю кнігі на падставе сваіх лістоў.

«Высокія будынкі робяцца з дробнай цэглы, — сказаў Янка Запруднік на святкаванні ў Нью-Ёрку ў 1979 годдзе 61-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці БНР. — Вялікія гістарычныя падзеі, калі на іх прыходзіць час, вырастаюць з грунту малых канкрэтных учынкаў, якія чалавек бярэцца выканаць асабіста й дабраахвотна. Шэрасьць і будзённасьць гэтае штодзённае беларускае працы не абніжае ейнае высокае маральнае вартасьці, бо кожны канкрэтны грамадскі акт, якім бы нязначным ён ні здаваўся, мае таксама значаньне гістарычнае: яго асьвятляе Акт 25 Сакавіка, сьветлая ідэя Вольнае Беларусі».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.