У музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы 8 жніўня адбыліся першы Рэспубліканскі адкрыты фестываль дуды «Дударскі фэст» і кніжны фестываль «Літаратурны вернісаж».



Дударскі фэст, безумоўна, у Беларусі не першы, але дзяржава праводзіць яго ў першы раз. Дудзе прысвоены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, і ў чыноўнікаў ёсць спадзевы, што беларуская дуда папоўніць спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Галоўнай падзеяй стаў канцэрт «Адчуй голас беларускай зямлі!», які сабраў лепшых дудароў краіны з Мінска, Маладзечна, Гродна, Ракава, Шчомысліцы і Салігорска, — інфармуе выданне БЕЛТА, якое і падрыхтавала фотасправаздачу з імпрэзы.
На тэрыторыі музея таксама разгарнуліся рамесныя кірмашы, лекторыі і майстар-класы па ігры на традыцыйных інструментах.


Музыка Алесь Лось даў выданню каментар: «Акрамя сённяшняга ўдзелу ў фестывалі, сёлета я адзначаю асабісты юбілей — 45 гадоў з дня стварэння сваёй першай дуды. Сёння важна не проста захоўваць, а развіваць нашу спадчыну. Выдатна, што гэтая тэма атрымала працяг: запланаваны круглыя сталы і канферэнцыі. Мы хочам папулярызаваць і развіваць яе, каб як мага большая колькасць беларусаў даведвалася пра рэчы, якія ляжаць у аснове нашых традыцый. Вельмі важна, што праект набывае нацыянальны маштаб, бо наша музыка і традыцыі — гэта наш характар, ідэнтычнасць і твар беларусаў», — падзяліўся майстар.


Алесь Лось таксама прачытаў лекцыю пра гісторыю беларускай дуды — ад Сярэднявечча да рэнесансу ў XXI стагоддзі.



Літаратурная частка праграма ўключыла гутаркі і аўтограф-сесіі з членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі, абмен кнігамі ў зоне буккросінгу.
На вечар быў запланаваны фолк-этна рэйв — сучасны дыджэй-сэт у народным стылі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
