28-29 траўня ў Беластоку адбыўся Форум культурніцкіх арганізацый, які сабраў каля 30 прадстаўнікоў інстытуцый беларускай культуры ў замежжы. Гэта ўжо другі культурніцкі форум, які ладзіцца на розных пляцоўках і ў гарадах — гэтым разам падзею прымала Фундацыя Tutaka, папулярызатар беларускай і падляшскай культуры.
Ініцыятыва ставарэння Форуму належыць Беларускай Радзе культуры. Мэта сходу — сінхранізацыя дзейнасці культурных інстытуцый, абмеркаванне пытанняў стратэгічнага развіцця, фінансавання і прамоцыі культуры, стварэння прасторы для ўзаемападтрымкі.
Летась адбыліся нулявая і першая эдыцыі ініцыятывы, сёлета склад удзельнікаў форуму пашырыўся, і, нягледзячы на тое, што фармат мерапрыемства закрыты, было вырашана вынесці інфармацыю пра падзею ў публічную прастору.
У працы другога Форуму прымалі ўдзел: прадстаўнікі Фундацыі Tutaka, Музея Вольнай Беларусі, Беларускай Рады культуры, Беларускага ПЭНа, Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні, Беларускага Свабоднага тэатра, праекта «Магістраты», грамадскай арганізацыі «Годна», культурна-асветніцкага партала Budzma.org, Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча, выдавецтва Gutenberg Publisher, Беларускай экспертнай платформы ў Любліне і іншых арганізацый.

Форум доўжыўся два дні.
У рамках першага дня ўдзельнікі абмеркавалі бягучыя выклікі і праблемы, якія зараз паўсталі перед культурніцкімі арганізацыямі. Так, сярод найбольш надзённых былі названыя: адсутнасць фінансавання, недахоп рэсурсаў, у тым ліку чалавечых, выгаранне, змаганне з бюракратыяй. Паміж тым, удзельнікі Форуму заўважылі схаваны ўнутраны аптымізм, адкрытаць, гатоўнасць дапамагаць адзін адному, якія агучвалі культурніцкія дзеячы і дзяячкі пры прэзентацыі сваіх ініцыятываў.
Цягам першага дня ўдзельнікі падзяліліся таксама сваімі глабальнымі праектамі-марамі. Апошнія былі сістэматызаваны па чатырох кірунках-мэтах: прамоцыя культуры, развіццё пляцовак, адукацыя, гістарычная спадчына і фінансаванне праектаў, што фарміруе ўмоўную мапу прыярытэтаў у дзейнасці.
Прыйшоўся даспадобы ўдзельнікам сходу арыгінальны фармат — «пражарка»: калі прадстаўнік той ці іншай арганізацыі атрымоўвае фідбэк і канструктыўную крытыку сваёй дзейнасці ад калег.
Цягам другога дня былі абмеркаваныя шляхі пошуку фінансавання для культурніцкіх арганізацый: як могуць узаемадзейнічаць інстытуцыі, каб знаходзіць рэсурсы разам, як можна камерцыялізаваць культурніцкі сектар, які стратэгіі фінансавання працуюць.
Асобным блокам працы стала абмеркаванне Інстытута прамоцыі беларускай культуры — патэнцыйнай арганізацыі, кірункі і фармат дзейнасці якой толькі фарміруюцца.
Плануецца, што Форум культурніцкіх арганізацый будзе ладзіцца раз на паўгады. Наступная сустрэча мяркуецца ў студзені ў Варшаве.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram