«Творчы і тэхнічны склад тэатраў і студый узгадняюцца з сілавікамі»: Беларуская Рада культуры апублікавала агляд пра стан культуры ўнутры краіны

Культура
У якасці ілюстрацыі выкарыстана праца Уладзіміра Цэслера. Фота: facebook.com/vtsesler

«Кожнае публічнае мерапрыемства ў Беларусі сёння павінна прайсці ўзгадненне з уладамі. Патрэбна падаваць не толькі праграму, але і пашпарты ўсіх удзельнікаў, і спасылкі на іх сацсеткі». Такімі звесткамі пра стан культуры ўнутры краіны ў 2025 годзе падзялілася Беларуская Рада культуры. Адмысловы агляд, падрыхтаваны, грунтуючыся на размовах з творцамі, якія працуюць у розных галінах культуры ўнутры Беларусі, быў апубліканы сёння на сайце арганізацыі.

Што змянілася за апошнія пяць гадоў? Змянілася ўсё, — кажуць творцы ў Беларусі.

Расійская культурная экспансія

Цяпер Беларусь выглядае краінай, якую паступова прадаюць ідэалагічна, інфармацыйна і інфраструктурна. Расійская прысутнасць адчуваецца літаральна ўсюды: ад шоп-тураў і санаторыяў да поўнага дамінавання ў культурнай прасторы.

Беларускі музычны рынак амаль цалкам заняты расійскімі артыстамі, прычым выступаюць пераважна тыя, хто адкрыта падтрымаў вайну ва Украіне. Яны збіраюць аншлагі па два-тры канцэрты запар. Альтэрнатывы практычна няма.

На кніжным кірмашы ў Мінску не было незалежных беларускіх выдавецтваў, кніг з ЕС і ЗША, і нават з Ізраілю. Паліцы запоўненыя расійскімі выданнямі, у тым ліку ваенна-патрыятычнымі.

У сферы кіно беларускае фінансаванне і інфраструктура абслугоўваюць расійскія праекты. Прыватныя студыі Беларусі працуюць як тэхнічны дадатак да расійскай індустрыі.

Цэнзура і кантроль

Кожнае публічнае мерапрыемства ў Беларусі павінна прайсці ўзгадненне з уладамі. Патрэбна падаваць не толькі праграму, але і пашпарты ўсіх удзельнікаў, і спасылкі на іх сацсеткі. Пры наяўнасці ў КДБ «галочкі» — выступ забаронены. «На вас стаіць галочка» — стандартны адказ.

Святы кшталту Дня святога Валянціна і Хэлоўіна забароненыя, нават Купалле ў Дудутках адмянілі. Падзеі, узгодненыя раней, могуць быць адмененыя па даносе. Канцэрты, выставы і фэсты зрываюцца нават у дзень правядзення.

Творчы і тэхнічны склад тэатраў і студый узгадняюцца з сілавікамі. Гэтае ўзгадненне можна не атрымаць праз нелаяльнасць да рэжыму. У незалежным кіно — практычна поўная стагнацыя праз адсутнасць легальных механізмаў працы.

Самацэнзура і страх

Страх прасякнуў усю сферу. Творчыя людзі прывыклі думаць не пра поспех, а пра рызыку: «Ці не адграбу я за гэта?» Нават фатографы і выдаўцы прызнаюцца: «Цісне страх».

Правілы і шэрыя схемы

Івэнты праводзяцца пераважна праз шэраг установаў, што маюць афіцыйнае права. Такія структуры выконваюць функцыю пасярэдніка

Прыбыткі арганізатараў і артыстаў істотна знізіліся. Грошы зарабляюцца пераважна на расійскай аўдыторыі. Мясцовыя артысты, нават з імем — у фінансавай няпэўнасці.

Новая сцэна, старая ізаляцыя

Нягледзячы на ціск, у Беларусі з’яўляюцца новыя імёны. Але маладыя творцы часта не ведаюць папярэднікаў, не маюць кантэксту і натхняльных прыкладаў. Адсутнічае крытыка, няма магчымасцяў для росту і абмену досведам.

Паступова знікае памяць пра вядомых актараў і актарак: тыя, хто з’ехаў, губляюць пазнавальнасць, а тыя, хто застаўся, — пад забаронай. Тэатральны рэпертуар — стэрыльны, без вострых тэм і эксперыментаў.

Беларуская мова — выклік і шанец

Ствараць культурны прадукт па-беларуску — рызыкоўна. Але ёсць попыт: бізнес цікавіцца беларускай мовай як адметнасцю. Пры гэтым дзяржава спрабуе выкарыстоўваць нацыянальную мову для стварэння кіраванай «паспяховай» карцінкі.

Стратэгіі выжывання

Культурніцкія дзеячы шукаюць ствой варыянт адаптацыі і камбінуюць некалькі розных стратэгій, каб захаваць сваю ідэнтычнасць. Кожны з гэтых варыянтаў абумоўлены экстрэмальнымі ўмовамі і мае розныя праяўленні:

  •  часткова спыняюць творчасць;
  •  працуюць падпольна;
  • падладжваюцца да ўлады дзеля магчымасці працаваць;
  • жывуць у Беларусі, але працуюць на замежжа;
  • імітуюць лаяльнасць;
  • адкрыта працуюць на рэжым.

Ёсць і гатоўнасць працаваць з «мяккімі» тэмамі: рамёствы, фальклор, дзіцячая літаратура. Часам — праз дзяржаўныя выдавецтвы. Таксама ёсць запал працаваць з маладымі, перадаваць досвед, будаваць супольнасць.

Запыты знутры

Нават у самыя цёмныя часы ў творчых людзей ёсць патрэба фіксаваць і ствараць калі не для шырокай аўдыторыі, то хаця б для самаго факту стварэння. Таму сярод запытаў самыя распаўсюджаныя:

  • падтрымка творчасці без публічнасці (рэзідэнцыі, стыпендыі);
  • фіксацыя штодзённасці і назапашванне культурнай памяці; адукацыйныя і перакладчыцкія праекты;
  • падтрыманне кантакту з беларусамі за мяжой;
  • запрашэнне замежных спецыялістаў у Беларусь;
  • ментарская падтрымка ўнутраных ініцыятыў;
  • выданне важных кніг без дзяржаўных датацый;
  • падтрымка праектаў, звязаных з традыцыйнай культурай.

Масты праз мяжу

Беларусы і беларускі абапал мяжы гатовыя супрацоўнічаць, але ім патрэбныя:

  1. Падтрымка рэальнага дыялогу;
  2. Арганізацыя сумесных праектаў;
  3. Прызнанне экспертызы тых, хто працуе ўнутры Беларусі;
  4. Разуменне кантэксту і розных умоваў жыцця.

Нягледзячы на страх і падзелы, унутры краіны засталося шмат тых, хто працягвае трымаць культуру жывой. Ім патрэбныя не толькі рэсурсы, але і надзея, што пра іх памятаюць і гатовыя слухаць, — падсумоўвае Беларуская Рада культуры.

Беларуская культура не знікла. Яна — у стане супраціву і адначасова — у пошуку новых форм жыцця.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости