Акторы «Тутэйшага Тэатра» паўдзельнічалі ў Польскіх чытаннях, і з гэтага ўдзелу нарадзіўся фільм-спектакль «JAN». У ім гучаць вершы Яна Каханоўскага — «Майстра з Чарналесся», аднаго з найвялікшых паэтаў еўрапейскага Рэнесансу, у беларускіх перакладах Лявона Баршчэўскага і Андрэя Хадановіча.
Тэкстам амаль 500 гадоў, але яны не губляюць вострай і пранізлівай сілы. Акцёры дзейнічаюць у рэальнай і віртуальнай прасторах, што пераплятаюцца паміж сабой і ствараюць мастацкі партал паміж XVI стагоддзем і сённяшнім днём.
Сэнсы трансфармуюцца, а гледачы становяцца ўдзельнікамі падарожжа, дзе слова нараджае вобраз, а вобраз – думку.
Асаблівую ролю ў спектаклі адыгрывае апавядальнік, які раскрывае постаць Яна Каханоўскага – яго жыццёвы шлях, эстэтычныя прынцыпы і духоўную глыбіню творчасці.
Гэты аповед, уплецены ў структуру спектакля, дапамагае лепш зразумець паэта і адчуць, як яго словы працягваюць гучаць у сучаснасці.
Паглядзець спектакль можна анлайн.
Рэжысёр-пастаноўшчык: Андрэй Саўчанка.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram