«Тэлеграму пра смерць маці суседцы прынеслі праз 10 дзён». Жанчына, якая ўдарыла Азаронка, — пра зняволенне, годнасць і мэту

Главное
Вольга Калацкая.Фота: Г. Ш.

З экрана нам з калегай лагодна ўсміхаецца інтэлігентная, далікатная жанчына з глыбокім, крыху сумным позіркам. Гэта мінская перакладчыца і выкладчыца англійскай мовы Вольга Калацкая. Яна больш за два месяцы правяла ў СІЗА і атрымала два гады хатняй хіміі — па адным за кожную поўху, якую яна дала прапагандысту з СТВ Рыгору Азаронку на акцыі пратэсту 15 лістапада. Здаецца, яна ні пра што не шкадуе.

Мы гутарым з Вольгай у яе пяты дзень на волі – дакладней, на абмежаванні волі. Яна кажа, што пачуваецца цудоўна, але пакуль ніяк не можа прывыкнуць да штодзённага жыцця: не можа нармальна схадзіць у краму, не памятае, дзе шукаць кампосцер у трамваі. Але хаця б здароўе пасля вязніцы засталося ў парадку.

— Проста я імкнулася так сябе настройваць за кратамі, каб выйсці з гэтага «гатэлю» з мінімальнымі стратамі для сябе і для свайго эмацыйнага здароўя, — кажа Вольга. — Безумоўна, там было цяжка. Асабліва калі ў маразы заставалася адчыненым акно — натуральна, калі пачынаўся ветрык, мы прастывалі. Так я падхапіла досыць сур’ёзную застуду. Але там дактары не чакаюць пяці дзён, каб пачаць даваць антыбіётыкі, я папрасіла іх адразу і досыць хутка акрыяла.

"Тэлеграму пра смерць маці суседцы прынеслі праз 10 дзён". Жанчына, якая ўдарыла Азаронка, - пра зняволенне, годнасць і мэту

— А як ваша мама? (Вольга — адзінае дзіця ў сваёй маці Анегі Іванаўны, якой ужо 90 гадоў, ёй патрэбны догляд і дапамога, жанчыны жывуць разам заўв. Reform.by).

— Мамачка мая трымалася малайчынкай, пакуль мяне не было аворачы пра маці, Вольга проста свеціцца цеплынёй і любоўю заўв. Reform.by). Калі я яе ўбачыла, мне нават здалося, што ў яе больш фізічных сіл, чым да майго затрымання. Але гэта натуральна: арганізм у экстрэмальнай сітуацыі збіраецца, рэалізуе ўсе свае рэзервы, а потым надыходзіць адваротная рэакцыя і паслабленне. Ужо сёння мама вельмі стомленая і не надта добра сябе адчувае.

— Калі вас затрымлівалі, вы, мабыць, хваляваліся найперш менавіта за яе…

— Безумоўна. Ведаеце, калі па мяне прыйшлі, я ўжо была гатовая выходзіць з дома, і тут мне страляе думка, што я не пацалавала маму. Я вярнулася, пацалавала маму на развітанне. Больш за ўсе я пераймалася за яе — за здароўе, за эмацыйны стан. Я разумела, што мама шмат плача, што ёй маё зняволенне даецца непараўнальна цяжэй, чым мне. Але яна малайчынка, яна вытрымала.

— Як яна без вас абыходзілася?

— Ой, мае сябры, мае родныя, знаёмыя арганізавалі варту, каб даглядаць маму. Сябры нават стварылі чат «Дапамога маме Вольгі». Яны прыходзілі да мамы, прыносілі прадукты, тэлефанавалі ёй. Яны зрабілі каласальную працу! Няма словаў, каб сказаць, як гэта сапраўды дапамагло ёй і мне. Ведаеце, у такіх экстрэмальных сітуацыях бачна, хто ёсць хто. І я страшэнна ўдзячная, што яны такія класныя і такія добрыя сябры.

— Што мама пісала вам, калі вы былі за кратамі?

— Мамачка пісала, што яна мяне вельмі-вельмі любіць, што калі б яна магла, то на крылах паляцела б да мяне. Але, мамачка, не варта туды лётаць. Пісала, што яе падтрымліваюць, да яе прыходзяць. Пісала, каб я берагла сябе і не хвалявалася за яе. Ад мамы я атрымала тры ці чатыры лісты. Зразумела, што гэта не ўсе. Я ж напісала маме роўна пяцьдзясят лістоў. Большасць дайшла, акрамя пяці-шасці, праўда, пэўная частка дайшла ўжо пасля майго вызвалення.

"Тэлеграму пра смерць маці суседцы прынеслі праз 10 дзён". Жанчына, якая ўдарыла Азаронка, - пра зняволенне, годнасць і мэту

За краты, асабліва ў Жодзіна, лісты даходзяць вельмі-вельмі кепска. Пасля вызвалення я даведалася, што мне пісала непараўнальна больш людей, чым я атрымлівала лістоў. Большая частка карэспандэнцыі гублялася недзе ў жодзінскіх нетрах. Яшчэ і перадавалі лісты з агромнай затрымкай. Прычым па штэмпелі я бачу, што ліст ў Жодзіна з Мінска даходзіў за адзін дзень, але мне яго прыносяць праз тры-чатыры тыдні. У такой жа сітуацыі ўсе зняволеныя.

І нават тэлеграмы!.. Са мною ў камеры была цудоўная жанчына Вольга І. — яна не па палітычнай справе. І ў Вольгі, на вялікі жаль, памерла мама. Дык вось тэлеграму пра смерць маці ёй прынеслі праз дзесяць дзён і пасля дзясятай гадзіны вечара. Дзесяць дзён! Безумоўна, гэта страшна і вельмі цяжка.

— Вы самі дапускалі, што вам дадуць рэальны тэрмін і вы больш не пабачыце маму? Ці гналі гэтую думку ад сябе?

— Я не толькі дапускала, а фактычна была гатовая да гэтага. Я наўмысна рыхтавала сябе да рэальнага тэрміну, каб ён не стаў для мяне шокам. Я разлічвала на горшы варыянт, а спадзявалася на лепшы. Так, мяне трэсла ад думкі, што я магу ніколі больш не пабачыць маму, і так сапраўды магло атрымацца. Я імкнулася маральна падрыхтавацца.

— Вернемся да лістоў: хто вам пісаў і што пісалі людзі? Што найбольш запомнілася?

— Я ведаю, што пісала багата людзей з ПЭН-цэнтра, але большасць лістоў не дайшла. Атрымала некалькі паштовак ад сяброўкі Аляксандры Макавік, ад калегі Марыйкі Мартысевіч (паэтка і перакладчыца, — заўв. Reform.by), ад паэткі Галіны Свірынай, атрымала ліст ад спадара Валянціна Акудовіча — гэта быў проста цуд для мяне. Пісалі сябры, якія апекавалі маю маму. Шмат пісалі незнаёмыя людзі, выказвалі словы падтрымкі.

Людзі пісалі пра надвор’е, таму што за кратамі ты не ведаеш нават, што за надвор’е цяпер. З лістоў я даведалася, што было ў Менску нашэсце гілёў. Мая вучаніца Даша пісала пра сваіх катоў. Людзі пісалі пра нармальнае жыццё, і было прыемна ведаць, што яно працягваецца. Сябар Зміцер Дзядзенка пісаў пра навіны — так я даведалася пра адмену чэмпіяната свету па хакеі і па пяцібор’і.

Дарэчы, былі лісты, дзе на аркушы паперы была карціна і тэкст. І былі выпадкі, калі карціна ёсць, а тэкст відавочна адарваны цэнзарам.

— У вашу падтрымку выказвалася Маргарэт Этвуд (вядомая канадская пісьменніца, аўтар рамана «Расказ служанкі», Вольга перакладала на беларускую яе раман «Пенелапіяда», – заўв. Reform.by). Вы ведалі пра гэта, пакуль сядзелі ў СІЗА?

— Так, мне пісалі пра гэта людзі, і адвакатка на сустрэчы перадала. Я была страшэнна шчаслівая.

— Раскажыце пра ваша знаходжанне ў СІЗА. Што гэта за жыццё?

— Я нават не ведаю, як гэта апісаць… Ну, па-першае, гэта жыццё па раскладзе. День у СІЗА аднастайны. А шостай нас падымаюць, каля сёмай падаюць сняданак. Звычайна гэта кашы: раз на тыдзень рыс, астатнія дні — аўсянка або сечка. Потым прыбіраем камеры, потым праверка. Заходзіць начальнік корпуса, мы павінны сказать, колькі чалавек у камеры, ці ёсць пытанні. Пасля праверкі павінен быць час на шпацыр. Потым вольны час. Пасля абеду зноў чытаем, малюем. Нашы дзяўчаты рабілі самаробныя паштоўкі, перамалёўваючы з дасланых. Удзень прылегчы на ложак забараняецца, можна толькі сядзець, стаяць, хадзіць.

Дарэчы, са шпацырам у СІЗА такія правілы: або ўсе ідуць гуляць, або ніхто не ідзе, або два чалавекі застаюцца ў камеры. Варыянта, каб маглі пайсці некалькі чалавек, а астатнія застацца, не прадугледжана. А ў камеры некалькім чалавекам няма чаго абуць, бо абутак з супінатарамі забіраюць на склад. Хтосьці хварэе ці кепска сябе адчувае, хтосьці гуляць не хоча ў гэты дзень. І тады гуляць не ідзе ніхто.

Што ж да чытання, з гэтым таксама праблема. Мне Марыйка Мартысевіч даслала спіс літаратуры, якая ёсць у бібліятэцы жодзінскай турмы. Але ніводнай кніжкі, што я замаўляла, мне не прынеслі. Прыносяць Данцову, Марыніну, Усцінаву — вось такое чытво. Яно карыстаецца попытам, і гэта някепскі сродак падняць настрой. Але таго, што ты просіш, не прынясуць.

"Тэлеграму пра смерць маці суседцы прынеслі праз 10 дзён". Жанчына, якая ўдарыла Азаронка, - пра зняволенне, годнасць і мэту
Вольга Калацкая — выкладчыца англійскай мовы і перакладчыца — літаратуры. Яна перакладала на беларускую мову творы Вірджыніі Вулф, Тэнэсі Уільямса, Пола Остэра, Уільяма Голдынга, Тоні Парсанза, Артура Голдэна і інш., друкавалася ў часопісах «Крыніца», «Дзеяслоў», ARCHE. А таксама перакладала фільмы і мультфільмы, напрыклад «Гладыятар» і «Шрэк»

— Вам, як філолагу, бадай, цяжкавата было два месяцы чытаць Данцову…

— Я не чытала Данцову. Мне вельмі пашанцавала, і мне неяк выпадкова прынеслі Маркеса. Гэта было свята душы. Міжволі адсочваюцца шалёныя паралелі з нашым жыццём. Яшчэ недзе два тыдні я перачытвала «Птушкі на цернях» (рускамоўны чытач ведае гэты твор як «Поющие в терновнике», — заўв. Reform.by). Калісьці ў юнацтве я гэтую книжку чытала, але цяпер успрыняла яе зусім па-іншаму.

— Ці здолелі вы звыкнуць да парадкаў у вязніцы, прымірыцца з імі?

— На дзіва, мне было досыць лёгка адаптавацца. Я сказала сабе, што гэта рэаліі жыцця, гэта рэчаіснасць, і яе трэба прыняць. Прыняць такой, якая яна ёсць, і жыць сённяшнім момантам, імкнуцца максімальна пражываць цяперашні момант. Гэта вельмі моцна дапамагло прыняць сітуацыю і захаваць здароўе як фізічнае, так і псіхічнае.

— Пра што наогул вы думалі за кратамі? Чаго найбольш баяліся, чаму радаваліся?

— Больш за ўсё напачатку я баялася пацягнуць за сабой яшчэ каго-небудзь. Потым я, безумоўна, страшэнна баялася за маму, за яе здароўе, ці прымае яна лекі, як яе ціск…

А пытанне пра радасць проста цудоўнае, дзякуй. У свой час я пазнаёмілася з кнігай Віктара Франкла. Ён перажыў Асвенцым і як даследчык зацікавіўся тым, чаму некаторыя людзі ў концлагеры паміраюць, а іншыя трываюць і застаюцца жыць. Ён прыйшоў да высновы, што, па-першае, калі чалавеку ёсць дзеля чаго жыць, ён выжывае. Па-другое, лягчэй таму, хто знаходзіць драбніцы радасці ў штодзённым побыце. Я таксама імкнулася знаходзіць, чаму радавацца. Сонца трапляе праз краты, птушка праляцела, галінку хвоі ўбачылі ў акне — радасць. Нас вядуць гуляць — таксама радасць. Неба блакітнае — гэта шчасце, аблачынка плыве — перадаю з гэтай аблачынкай прывітанне маме. Я наўмысна, мэтакіравана шукала, чаму мне радавацца.

Вельмі вялікая радасць была, калі там я знаходзіла падобных духам людзей. Найвялікшая радасць была пазнаёміцца з Кацярынай Андрэевай (журналісткай «Белсата», цяпер асуджанай на 2 гады калоніі, — заўв. Reform.by) і Вольгай, пра якую я казала, якая не па палітычнай справе, а апынулася не ў тым месцы не ў той час. За краты трапляюць цудоўныя людзі. Там вельмі шмат добрых людзей, якія імкнуцца дапамагаць.

— А што ў вас была за мэта, якая, па-Франклу, дапамагала трымацца?

— Выжыць, выйсці з турмы, абняць маму і дажыць да вольнай Беларусі. Да той краіны, пра якую мы марым. Хочацца дачакацца і ўбачыць яе.

"Тэлеграму пра смерць маці суседцы прынеслі праз 10 дзён". Жанчына, якая ўдарыла Азаронка, - пра зняволенне, годнасць і мэту

— З якімі людзьмі вы сядзелі і колькі гэта было чалавек? Што гэта за людзі?

— У Жодзіне я была ўвесь час у адной камеры, але людзі мяняліся, колькасць вагалася ад пяці да дванаццаці чалавек. Мы нават жартавалі, што наш гатэль не на пяць зорак, а на дванаццаць, бо мы ўсе ў камеры зоркі.

Людзі былі самыя розныя, не толькі «палітычныя». Ад духоўных і разумных людзей да тых, каму вельмі не пашанцавала ў жыцці. Аліментшчыцы, жанчыны, якіх забралі з хатняй хіміі за парушэнні, якіх асудзілі за дробныя крадзяжы і цялесныя пашкоджанні, нямала зняволеных па 328-м наркатычным артыкуле і нават бесхацінцы (бяздомныя, — заўв. Reform.by). На вялікі жаль, ёсць у нашай краіне людзі, якім у турме лепш хоць бы таму, што іх там тры разы на дзень кормяць і ў іх ёсць чыстае адзенне і пасцель. Так не павінна быць. Гэта страшна, калі ў турме ў чалавека побыт лепш забяспечаны, чым на волі.

— Як у адным памяшканні выжываць з такімі рознымі людзьмі?

— Мне пашанцавала, што былі людзі, духоўна блізкія да мяне. Я імкнулася ўсяляк гасіць канфлікты. Часам гэта атрымлівалася, часам не. Ад лаянкі я імкнулася абстрагавацца, ставіла «сцяну», нібыта мяне гэта не кранае. Рабіла практыкаванне на глыбокае дыханне.

Увогуле, людзі на адны і тыя ж абставіны рэагуюць па-рознаму. І за гэтым было вельмі цікава назіраць. Хтосьці дэпрэсуе, хтосьці мудра прымае, хтосьці ўспрымае турму як карысны досвед. Нават у гэтых абставінах толькі ад цябе залежыць, як ты будзеш на іх рэагаваць. У цябе заўседы застаецца выбар.

— У інтэрв’ю «Нашай Ніве» вы казалі, што бачылі свайго кшталту зайздрасць ад іншых жанчын, калі атрымлівалі лісты, а яны — не.

— Так, было такое, што людзі кепска рэагавалі на гэта. Я вельмі разумею іх па-чалавечы. Гэта вельмі балюча, калі табе прыходзіць мала лістоў. Але балюча і тады, калі ты атрымліваеш лісты, а іншыя — не.

"Тэлеграму пра смерць маці суседцы прынеслі праз 10 дзён". Жанчына, якая ўдарыла Азаронка, - пра зняволенне, годнасць і мэту

— Вы казалі, што ў Жодзіне былі ў адной камеры з журналісткай Кацярынай Андрэевай. Як яна трымалася?

— Ой, Каценька трымалася і, думаю, трымаецца проста цудоўна. Вось уяўляеце, я заходжу ў камеру першы раз і гавару: «Добры вечар, мяне завуць Вольга», а ў адказ: «Добры вечар, спадарыня Вольга! Я Каця Андрэева, журналістка «Белсата», магчыма, вы пра мяне чулі». Госпадзі, гэты зварот, гэтыя словы — «спадарыня Вольга» — з нармальнага жыцця! Мне адразу стала так цёпла, так добра на душы ад гэтага. Я была кранутая ледзьве не да слёз.

Каця паказала камеру, распавяла аб правілах, мы доўга гаварылі. Яна расказвала пра тое, што адбылося 15 лістапада (Андрэеву і яе аператарку Дар’ю Чульцову асудзілі за стрым менавіта з гэтай акцыі пратэсту, — заўв. Reform.by). Я дзівілася, наколькі гэтая кранальная, прыгожая, маладая жанчына моцная, наколькі ў ёй адчуваецца гэты сталёвы стрыжань, гатоўнасць да самых цяжкіх выпрабаванняў. Проста ёю захаплялася. Апроч усяго іншага, Каця па-добраму амбітны чалавек, яна хоча зрабіць бліскучую кар’еру. І яна, безумоўна, гэтага вартая. Я хачу сказаць яе родным, што Каця вельмі добра трымаецца, і мне вельмі хочацца, каб яна як мага хутчэй апынулася на волі.

На Валадарцы я апынулася ў камеры з Ксюшай Сырамалот і Вікай Міронцавай (яны чакаюць суда па справе студэнтаў, — заўв. Reform.by). Дзяўчаты таксама трымаюцца годна, мужна. Яны цудоўна разумеюць, што ім можа свяціць рэальны тэрмін. Але духам яны не зломленыя і фізічна таксама. Яны робяць практыкаванні на расцяжку, сілавыя. І я таксама ў захапленні ад таго, як яны трымаюцца. Пасля таго, як мяне засялілі на Валадарку, з намі была Ганна Вішняк (валанцёрка канала «Водители 97%», развозіла ваду па горадзе падчас акцый, затрыманая 28 кастрычніка, — заўв. Reform.by), вельмі прыгожая маладая жанчына. Яна таксама не зламаная духам, бескампрамісная, гатовая радыкальна адстойваць свае правы. Яна абвясціла сухую галадоўку, і пасля яе перавялі ад нас. Дай божа, каб яе не зламалі, хаця, на маю думку, зламаць яе немагчыма. Дай божа, каб такія годныя людзі як мага хутчэй пабачылі волю.

— Якім было стаўленне супрацоўнікаў турмы?

— Ведаеце, там як у звычайным жыцці. Ёсць людзі, якія з разуменнем ставяцца да сітуацыі, а есць людзі, якія атрымліваюць кайф ад улады над табой. Ёсць тыя, хто дазволіць у «лазні» (хутчэй, душавая, — заўв. Reform.by) нармальна памыцца, а ёсць тыя, хто дасць пять хвілін на 12 чалавек. Самы непрыемны для мяне досвед быў, калі мяне прывозілі у суд. Калі сказалі, што я не маю права зачыняць дзверы прыбіральні. Гэта казала жанчына. Я лічу, што гэткае абыходжанне прыніжае чалавечую годнасць.

А ўвогуле турэмных ахоўнікаў мне было шкада. Яны таксама вязні. Усе жыццё яны праводзяць у турме. Мы выйдзем, а яны застануцца там.

"Тэлеграму пра смерць маці суседцы прынеслі праз 10 дзён". Жанчына, якая ўдарыла Азаронка, - пра зняволенне, годнасць і мэту

— Скажыце, па вашай справе было шмат следчых дзеянняў? Ці быў ціск на вас?

— Не, ціску ніякага не было. У першыя дні была парачка допытаў, а таксама вочная стаўка з Азаронкам. Пасля гэтага мяне перавялі ў Жодзіна, і там за ўвесь час была толькі адна сустрэча са следчым. Мушу адзначыць, што ўсё рабілася цалкам карэктна з боку следчага.

— Вы ведалі да суда, што Рыгор Азаронак напісаў хадайніцтва аб спыненні справы? На вашу думку, што стаіць за гэтым?

— Так, я ведала. Азаронак адразу на вочнай стаўцы заявіў, што не мае да мяне прэтэнзій і што не хоча, каб я пацярпела, і потым напісаў хадайніцтва. Мой адвакат таксама яго напісаў. Але пракуратура не задаволіла.

Што за гэтым стаіць — я магу толькі выказаць здагадкі, якія, як заўжды, будуць казаць больш пра мяне, чым пра той бок. Мне чамусьці здаецца, што ён разумеў, што для яго і для іх рэпутацыйныя страты так будуць меншымі, чым калі ён падтрымае абвінавачанне і мяне пасадзяць. Выгады ад апошняга варыянта для іх ніякай няма. А як было насамрэч, я не ведаю.

— А як ён сябе паводзіў тады, глядзеў у вочы?

— Ён быў спакойны. Глядзець у вочы нам асабліва не выпадала, бо мы разам сядзелі з аднаго боку стала і глядзелі на следчага. Але мне падалося, што позірку ён не пазбягаў.

Чыста па-чалавечы мне яго вельмі шкада. Яму не пашанцавала з бацькам (колішні прапагандыст БТ Юрый Азаронак, – заўв. Reform.by), і мне шкада, што ён абраў такі шлях. Ён увесь час жыве пад гнётам нянавісці, гэта вельмі цяжка — адчуваць такую татальную нянавісць да сябе.

"Тэлеграму пра смерць маці суседцы прынеслі праз 10 дзён". Жанчына, якая ўдарыла Азаронка, - пра зняволенне, годнасць і мэту

— Які ў вас быў настрой перад судом і на ім?

— Настрой быў такі, што я гатовая да ўсяго. Я напісала своё апошняе слова, згадала, на што мне трэба звярнуць увагу ў справе, некалькі разоў глыбока ўдыхнула.

А на судзе збольшага думала пра сам працэс, пра тое, як мне тонка прайсці скрозь струменчыкі і не сапсаваць сабе перспектывы, як захаваць годнасць, каб не прасіць і не прыніжацца.

— Што вас уразіла на судзе?

— Было вельмі прыемна, што прыйшло багата людзей. Было шмат незнаёмых людзей, шмат прэсы. Гэта вельмі важна, калі людзі прыходзяць, такая моцная падтрымка дапамагае не сагнуць спіну.

Яшчэ мяне, як ні дзіўна, вельмі ўразіў прафесіяналізм пракурора (дзяржабвінаваўцай была 25-гадовая старэйшая памочніца пракурора Валерыя Таратынка, — заўв. Reform.by). З нашага пункту гледжання, верагодна, яна рабіла не вельмі добрую справу. Але трэба аддаць ёй належнае: яна добра рабіла сваю працу. У яе добра пастаўленая мова, дасканалая фраза, яна вельмі трапна рэагавала на змену сітуацыі, своечасова выступала з пратэстамі. Гэта годны праціўнік, якога варта паважаць. Калі б яна была на маім баку, я была б шчаслівая. На жаль, так складваецца ў гэтай краіне, што і вельмі прафесійныя людзі служаць не на баку дабра.

— Мяне вельмі ўразіла, што на судзе вы былі ў гэткім элегантным блакітным пінжаку. Як вам удалося яго здабыць?

— О, я яшчэ за паўтара месяцы да суда папрасіла перадаць мне гэты гарнітур. Я вельмі хацела, каб мой выгляд максімальна кантраставаў з артыкулам, па якім мяне абвінавачвалі. Мне хацелася паказаць, што я не хуліганка (смяецца, — заўв. Reform.by). Дзякуй богу, што я так зрабіла. Як мне здаецца, я выглядала годна.

— Як наогул жанчыны рыхтуюцца да суда ў СІЗА ў плане знешняга выгляду?

— Вядома, у турме досыць абмежаваныя магчымасці падрыхтавацца добра, зрабіць нармальны макіяж. Робіш маску з кававай гушчы, таму што гэта адзіны магчымы скраб, і ўсё.

"Тэлеграму пра смерць маці суседцы прынеслі праз 10 дзён". Жанчына, якая ўдарыла Азаронка, - пра зняволенне, годнасць і мэту

— Па выніках суда вы атрымалі два гады «хатняй хіміі». Як вы ставіцеся да вашага прысуду?

— У нас у краіне нейкая абсурдная сітуацыя. Людзям даюць два гады — мы цешымся, што не пяць. Даюць пяць гадоў — цешымся, што не дзесяць. Даюць «хімію» замест калоніі — фух, дзякуй богу. І тут не ведаеш, радавацца таму, што пайшло ўсё не паводле горшага сцэнарыю, ці абурацца, што людзі апынаюцца за кратамі ні за што. Таму ў мяне дваістыя пачуцці.

— Вы будзеце абскарджваць прысуд?

— Не буду — чыста з прагматычнага гледжання. Верагоднасць перагляду прысуду нулявая, а мне не хочацца рабіць нейкія захады, якія не будуць мець практычных вынікаў.

— Чым вы будзеце займацца на «хатняй хіміі», як яна зменіць ваша жыццё?

— Спадзяюся, што буду займацца далей тым жа, чым і займалася: пераклады, сустрэчы з вучнямі (адзін з іх прыйшоў да Вольгі адразу пасля нашай размовы — заўв. Reform.by). Я і працавала збольшага з дому. Выходзіць з дому мне цяпер можна ад шостай раніцы і да сёмай гадзіны вечара — гэта ў будні дзень. Ні пра якія выхады з дому у свята ці выходны дзень няма і гаворкі. Але ўсё гэта рэчаіснасць, якую трэба прыняць. Мая мама не вытрымае, калі я апынуся ў калоніі. Таму я буду рабіць усё, каб там не апынуцца.

— Вы, як філолаг, знаходзячыся за кратамі, не маглі не праводзіць паралелі з рэпрэсіямі супраць беларускай інтэлігенцыі ў 30-х.

— Так, я думала пра гэта. Мяркую, акурат так і ёсць: мы па другім коле праходзім гэты шлях рэпресій. І я зразумела, што трыццаць сёмы год не раптам і не за адну ноч зваліўся. Рэпрэсіі ўзмацняліся паступова, і ў такім пакрокавым пагаршэнні ёсць вялікая небяспека. Гэта як паступова перакрываць кісларод. Калі зрабіць гэта нечакана, вы адразу адчуеце і пачнеце крычаць. А калі паціхеньку, то чалавек не адразу заўважае, паступова прызвычайваецца і ўспрымае як норму.

Не дай божа нам цяперашнія рэпрэсіі прыняць як норму.

— Але часткова так ужо і ёсць. Я бачыла гісторыі пра Дзень Волі, як людзі ў метро даставалі кнігу Караткевіча, а пасля іншыя падыходзілі да іх на платформе і дзякавалі за смелы ўчынак. За некалькі месяцаў мы дайшлі да сітуацыі, што чытаць у метро беларускую кнігу — гэта ўжо ўчынак, які патрабуе адвагі.

— Але дзякуй богу, што застаюцца людзі, якія чытаюць у метро Караткевіча. Дзякуй богу, што застаюцца людзі, якія ядуць бел-чырвона-белую пасцілу. Дзякуй богу, што ёсць людзі, якія не баяцца рэпрэсій.

"Тэлеграму пра смерць маці суседцы прынеслі праз 10 дзён". Жанчына, якая ўдарыла Азаронка, - пра зняволенне, годнасць і мэту

— У інтэрв’ю для «Нашай Нівы» вы казалі, што беларусы свой шанец на новае жыццё не выкарасталі ў поўнай меры. Чаму вы так лічыце?

— Паводле вынікаў. Мы ставілі мэту змяніць уладу мірным чынам. Пакуль што гэтага не атрымалася. Як аказалася, жорсткі аўтарытарны рэжым мірнымі шэсцямі не змяняецца. Значыць, трэба шукаць іншыя спосабы. Падкрэсліваю: негвалтоўныя спосабы. Я катэгарычна супраць гвалту.

— Калі вы былі ў СІЗА, ці было ў вас або вашых суседак пачуццё расчаравання ці нават адчаю ад таго, што пераменаў пакуль не атрымалася?

— Я не заўважыла. Ведаеце, мы ж і шмат чаго дасягнулі. Самае галоўнае — мы цяпер пэўна можам казаць, што ў нас салідарная і кансалідаваная нацыя. Мы навучыліся быць разам, зразумелі, што нас большасць. Цяпер трэба навучыцца перамагаць.

— Як я разумею, у вас няма надзеі на хуткую змену ўлады. А на што надзея ёсць?

— Калісьці я праглядзела відэакурс прафесара Майкла Рабэрта «The art of critical decision making» — «Мастацтва прымання рашэнняў у крытычных сітуацыях» ці «прымання крытычна важных рашэнняў», як перакласці. І я тады зразумела, што ў нашай краіне страшэнна неэфектыўная сістема кіравання. Таму што няма эфектыўнай сістэмы прымання рашэнняў. Так не павінна быць, каб адзін чалавек кіраваў. Сама гэтая сістема сканструяваная так, што можна проста ляжаць і нічога не рабіць — але рана ці позна яна абваліцца. Іншае пытанне, якая сістэма прыйдзе на змену, калі ляснецца гэтая. І мне вельмі не хацелася б, каб гэта была расійская сістэма або іншая сістэма, якая працуе не на прынцыпах павагі і любові паміж людзьмі.

Аўтары: Ірына Купцэвіч, Яўгенія Доўгая.

Фота: Г. Ш.

***

Спадабалася інтэрв’ю? Абмяркуй яго з іншымі чытачамі ў суполцы Reform.by на Facebook!

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: