Беларускі ПЭН звяртае ўвагу на практыку сістэматычнага канфіскавання і знішчэння рукапісаў палітычных зняволеных

Главное
Фота: сайт Беларускага ПЭНа.

Сёння ў Сусветны дзень пісьменніка, 3 сакавіка, Беларускі ПЭН выступіў з заявай аб сістэмным канфіскаванні і знішчэнні рукапісаў палітычных зняволеных.

«Гэтая практыка накіраваная не толькі на пазбаўленне людзей слова, але і на разбурэнне іх чалавечай і культурнай ідэнтычнасці, знішчэнне інтэлектуальнай і культурнай спадчыны, што ствараецца нават ва ўмовах ізаляцыі. Беларускі ПЭН разглядае гэтыя дзеянні як форму культурнага і псіхалагічнага гвалту», — падкрэслівае арганізацыя.

Беларускі ПЭН заўважае, што за апошнія гады былі задакументаваны шматлікія выпадкі, калі рукапісы мемуараў, аўтабіяграфічных эсэ і дзённікавых запісаў канфіскуюцца падчас ператрусаў у камерах без якіх-небудзь тлумачэнняў і без складання афіцыйных дакументаў.

Літаратурныя творы, вершы, філасофскія разважанні забіраюцца адміністрацыяй папраўчых устаноў перад перамяшчэннем зняволеных (у тым ліку перад вызваленнем).

Бясследна знікаюць пасля адабрання асабістыя запісы, лісты і чарнавікі, якія маюць культурную каштоўнасць.

Завершаныя рукапісы або напісаныя фрагменты не перадаюцца без аб’ектыўных прычын родным і блізкім у лістах і застаюцца ў цэнзараў.

У Марыі Калеснікавай канфіскавалі рукапісы дзвюх кніг, у Алены Гнаўк – усю перапіску, а ў студэнткі Ганны Курыс – турэмныя малюнкі і іншыя формы творчасці. Жанчыны знаходзіліся ў папраўчай калоніі № 4 у Гомелі.

Нобелеўскі лаўрэат і былы палітзняволены Алесь Бяляцкі (калонія № 9 у Горках, Магілёўская вобласць) паведаміў, што ў дзень вызвалення ў яго адабралі ўсе рукапісы і тыя нешматлікія лісты, якія даходзілі да яго за гэты час. Сярод адабранага – рукапісы дзвюх кніг успамінаў.

Практыка даходзіць да адкрытага псіхалагічнага гвалту. Так, адміністрацыя калоніі пагрозамі прымусіла былога палітвязня Аляксея Гайшуна (калонія № 15 у Вейне, Магілёўская вобласць) уласнаручна знішчыць рукапісы трох кніг, напісаных ім у зняволенні.

Паводле задакументаваных сведчанняў, у Міколы Дзядка (СІЗА КДБ у Мінску) пры вызваленні было адабрана каля 20 кілаграмаў лістоў, сшыткаў і дзённікаў.

Максім Знак (калонія № 3 у г. п. Віцьба, Віцебская вобласць) паведаміў пра канфіскацыю рукапісаў твораў, вершаў, перакладаў і тэкстаў песень. Адзначыў, што перад выхадам адабралі літаральна ўсе рэчы, на якіх былі надпісы.

У Ігара Карнея (калонія № 20 у Гомельскай вобласці) пазабіралі ўсе запісы, дзённікі і сшыткі: «Даглядалі паўтары гадзіны: кожнае шво, кожны ліст, усе запісы (тады забралі мой нататнік, астатнія былі знішчаны яшчэ ў Шклове)».

У Уладзіміра Лабковіча (калонія № 17 у Шклове, Магілёўская вобласць) канфіскаваны рукапіс эсэ пра Васіля Быкава.

У Паўла Севярынца (турма № 1 у Гродне) былі канфіскаваныя ўсе напісаныя працы.

Аляксандр Фядута  (калонія № 15 у Магілёве) адзначае: «былі канфіскаваныя мае рукапісы. Там не было палітычных запісаў, там не было і дзённікаў. Там не было ніякай інфармацыі, якая тычылася майго зняволення. Там быў напісаны кінасцэнарый, дзве п’есы і два сшыткі з вершамі».

Аб’яднанне Людзей Слова настойліва патрабуе ад уладаў Беларусі:

  • Неадкладна спыніць практыку канфіскавання аўтарскіх рукапісаў палітычных зняволеных.
  • Неадкладна вярнуць усе забраныя аўтарскія рукапісы аўтарам (праваўладальнікам).
  • Забяспечыць рэалізацыю культурных правоў палітычных зняволеных.
  • Прывесці практыку ў адпаведнасць з нормамі міжнароднага і нацыянальнага заканадаўства.

«Мы заклікаем, – адзначаецца ў звароце:

  • да публічнага асуджэння практыкі канфіскавання і знішчэння рукапісаў;
  • да ўключэння гэтай праблемы ў даклады і рэзалюцыі міжнародных органаў;
  • да накіравання запытаў уладам Беларусі з патрабаваннем тлумачэнняў і гарантый захавання культурных правоў зняволеных;
  • да маніторынгу захавання культурных і адукацыйных правоў у месцах зняволення».

Заяву ўжо падтрымалі 28 арганізацый замежных і беларускіх: у тым ліку, Міжнародны ПЭН, Нарвежскі ПЭН, Шведскі ПЭН, Фінскі ПЭН, Дацкі ПЭН, Англійскі ПЭН, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Беларуская Рада культуры і іншыя інстытуцыі.

Каб далучыцца да заявы, трэба напісаць на адрас [email protected] назву арганізацыі, якую вы ўпаўнаважаныя прадстаўляць.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости