Сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшло пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры «Аб выніках дзейнасці сферы культуры ў 2025 годзе і задачах развіцця на 2026 год».
Міністр культуры Руслан Чарнецкі выступіў з дакладам «Аб выніках работы Міністэрства культуры ў 2025 годзе і задачах на 2026 год».
«Хоць сфера культуры і не з’яўляецца эканамічным падмуркам краіны, але, у сілу яе публічнасці, менавіта на работнікаў сферы звернуты пільны позірк, што робіць адказнасць выключнай», — сказаў міністр.
Галоўныя вынікі 2025 года, прадстаўленыя ў дакладзе міністра як галоўныя дасягненні:
- У сферы працуе больш за 53 тысячы чалавек, гэта 1,3% ад агульнай колькасці занятага насельніцтва краіны.
- Ва ўстановах адукацыі ў сферы культуры навучаецца каля 126 тысяч чалавек. Для павышэння якасці адукацыі і падрыхтоўкі спецыялістаў у 2025 годзе былі павялічаны лічбы прыёму на бюджэт, а таксама адкрыты новыя спецыяльнасці. Структурныя змены закранулі ў тым ліку і Акадэмію мастацтваў. З 1 верасня там функцыянуе аб’яднаны факультэт кіно, тэатра і тэлебачання, у аснове адукацыйных праграм якога ляжыць практыка-арыентаваны падыход. Павялічаны прыём на спецыяльнасць «акцёрскае мастацтва», адкрыта падрыхтоўка па спецыяльнасці «Рэжысёр ігравога кіно».
- Па размеркаванні кожны год працаўладкоўваюцца 1,5 тыс. выпускнікоў, з якіх каля 64% застаюцца працаваць у сферы культуры.
- Кадравая забяспечанасць у сферы культуры — 95%.
- Уласныя даходы арганізацый галіны дасягнулі 436 млн рублёў, што на 23% больш за мінулы год.
- Пастанова Міністэрства культуры №155 ад 31 снежня 2025 года дазваляе забяспечыць павышэнне сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў культуры ў 2026 годзе на 13%.
- Колькасць наведванняў бібліятэк павялічылася на 9,4%. Завяршаецца рэалізацыя праекта аўтаматызаванай сістэмы «Электронная бібліятэка». У сувязі з гэтым ва ўмовах цэнтралізацыі варта больш асэнсавана падыходзіць да пытання аб папаўненні бібліятэчных фондаў, праводзіць аналізы аб’ектыўнай патрэбы бібліятэк у выданнях, якія будуць сапраўды прыцягваць чытачоў.
- Колькасць музеяў павялічылася на 13,4%. Колькасць экскурсій — на 10%, культурна-адукацыйных мерапрыемстваў — на 8,5%.
- Упершыню было падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы культуры з М’янмай.
- Свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») наведала рэкордная колькасць гледачоў – 115 тысяч чалавек, у тым ліку з 27 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі.
- Удзельная вага паказаў беларускіх фільмаў у агульным аб’ёме кінасеансаў у параўнанні з пачаткам пяцігодкі вырасла ў 13,5 раза, а меладрама «Класная» стала самым касавым айчынным фільмам апошніх гадоў.
Асноўнай задачай для сферы культуры ў 2026 годзе, па словах міністра, з’яўляецца завяршэнне будаўніцтва новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

