Святлана Алексіевіч працуе над новай кнігай, яе чарнавая назва — «У чаканні варвараў»

Культура
Святлана Алексіевіч. Фота: «Позірк».

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч 14 студзеня 2024 года сустрэлася са сваімі чытачамі ў Берліне.

Выданне «Позірк» зрабіла рэпартаж з сустрэчы.

Нобелеўская лаўрэатка расказала, што працуе над новай кнігай. Імаверна, яна будзе называцца «У чаканні варвараў», гэтыя словы аўтарка запазычыла ў аўтара аднайменнага верша грэчаскага паэта пачатку XX стагоддзя Канстанцінаса Кавафіса.

Кніга пра сённяшні час, у якім мы ўсе цяпер неяк «бездапаможна застылі і ўвесь час апавядаем сабе [пра] страшнае наша жыццё, [прыводзім] прыклады і чакаем варвараў», — расказала пісьменніца.

У кнізе будзе шмат пра рэвалюцыю 2020 года ў Беларусі, «пра нашу спробу».

«Нягледзячы на тое, што ўвесь час казалі: «Пакуль мы не пачнем паліць шыны, мы не даможамся волі», я была супраць крыві, — падкрэсліла Алексіевіч. — Мой дом у цэнтры горада. Штораніцу я бачыла, якая колькасць вайсковай тэхнікі ішла ў горад. І я ўяўляла, што калі выйдуць студэнты (а першымі, вядома, выйдуць маладыя людзі), то яны будуць усе знішчаныя».

Цяпер беларусаў дакараюць тым, што пратэст быў мірным, калі трэба было паліць шыны і кідаць кактэйлі Молатава. На гэта Алексіевіч тлумачыць, што «народ у той момант не быў гатовы да кактэйляў Молатава. Мы ішлі [на маршы пратэсту] як на свята, бралі дзяцей, нават хатніх гадаванцаў. Гэта было так прыгожа, так здорава».

Знаходзіць герояў для новай кнігі пісьменніцы няцяжка, бо «каля мільёна беларусаў за мяжой»: «Калі я не магу паехаць у Беларусь, то з яе прыязджаюць людзі, і я магу з імі сустрэцца».

Аднак сама кніга даецца пісьменніцы няпроста, бо «зверства чалавечае, жывёльнае», што «выпаўзае», ёй «не толькі брыдка», яно яе «паралізуе як чалавека».

«Я не ведаю, як з гэтым пасля жыць. Ёсць роспач. Суцешыцца няма чым — зло досыць драпежная рэч. Ты ў гэта апускаешся і пачынаеш вывучаць. Галоўнае не зрабіць гэта так цікава, каб людзей гэтае зло не адштурхоўвала, а, наадварот, паказвала, якое яно бяздоннае. Дабро прасцей, пра яго цяжэй пісаць», — прызналася Алексіевіч.

Акрамя таго, «праблема ў ідэі. Сабраць кучу кашмараў нашых, калекцыю гэтых жахаў — гэта не тое. Сёння трэба на шмат пытанняў нанава адказаць, таму я так доўга пішу гэтую сваю кнігу», — паведаміла Святлана Алексіевіч.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: