Учора спектаклем «Пачупкі» ў рэжысуры Яўгена Карняга Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі распачаў новы сезон. Але з афішы ўстановы канчткова знікла пастаноўка «Гэта ўсё яна» — драма «аб канфлікце пакаленняў і віртуальных стасунках», якую сем гадоў таму на сцэне РТБД рэалізавала польская рэжысёрка Моніка Дабраўлянска. Нават згадка пра яго знікла з сайта тэатра, заўважылі гледачы.
П’еса, па якой пастаўлены спектакль, была напісана беларускім і расійскім драматургам Андрэем Івановым у рамках Першай міжнароднай драматургічнай лабараторыі (Цэнтра беларускай драматургіі). У 2013 годзе твор увайшоў у шорт-ліст Міжнароднага конкурсу драматургаў «Еўразія», у асноўную праграму чытак фестывалю маладой драматургіі «Любімаўка-2013». «Гэта ўсё яна» была пастаўлена не толькі ў Беларусі, але ў Расіі, Латвіі, Украіне, Чэхіі. Адзначым, што ў РТБД ставілі цэнзураваную версію п’есы Іванова.
Польская рэжысёрка Моніка Дабраўлянска, якая з’яўляецца мастацкім кіраўніком праектнага тэатра «Multiculturalcity» у Берліне, супрацоўнічала з тэатрамі Германіі, Польшчы, Італіі, у 2010-х — з беларускімі артыстамі. «Гэта ўсё яна» — далёка не адзіны яе праект з беларускімі акцёрамі.
Пастаноўку, рэалізаваную Дабраўлянскай на сцэне РТБД, называлі смелай і адметнай. У ей рэжысёрка выходзіла за тэму стасункаў блізкіх людзей, і даследавала феномен агрэсіі.
«Нават самыя блізкія людзі — сябры, закаханыя, родныя — у сучасным грамадстве кантактуюць усё больш віртуальна, а не рэальна, — так гучыць анатацыя да спектакля. — Што застаецца рабіць жанчыне, усе спробы якой наладзіць адносіны з сынам-падлеткам церпяць фіяска? Пайсці ў сацсеткі? Уявіцца не сабой? Гэта падман, але толькі так можна пераадолець бездань неразумення. Аднак усё таемнае калі-небудзь становіцца відавочным…».
У спектаклі ігралі выдатныя акцёры: Людміла Сідаркевіч і Дзмітрый Давідовіч.
Мяркуем, што ў прасторы жорсткай цэнзуры, якая сёння пануе ў Беларусі, «Гэта ўсё яна» — стаў надта небяспечным для тэатра. Зараз на сайце ўстановы інфармацыя пра спектакль адсутнічае.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: