Сёння, 29 кастрычніка, у Гданьскім Шэкспіраўскім тэатры адбудзецца паказ спектакля «Расстраляныя» ў рэжысуры Жэні Давідзенка. Імпрэза, прымеркаваная да гадавіны «Чорнай ночы», стане данінай памяці 132 прадстаўнікам беларускай інтэлігенцыі, замардаваных сталінскім рэжымам у Менску ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года.
Спектакль, які летась меў прэм’еру ў Тэатры «Генерацыя», сёння вяртаецца ў абноўленай форме — акторы збіраюцца за сталом памяці. Некаторыя персанажы ўжо іншыя, іншыя сышлі, і пустэча становіцца часткай гісторыі.
Хоць дзеянне п’есы разгортваецца ў кантэксце падзей «Чорнай ночы», яна расказвае нашмат больш маштабную гісторыю: пра жыццё, пражытае ў цені гвалту, пра каханне і веру, радасць і расчараванне, пра машыну рэпрэсій, водгукі якой чуваць і па сённяшні дзень.
У пастаноўцы задзейнічаны: Міхал Кавальскі, Наталля Бібікава, Андрэй Бібікаў, Лізавета Мілінцэвіч, Андрэй Скуніцкі, Вольга Гаховіч, Марыя Пінчук, Любоў Цідзіла, Жэня Давідзенка.
Візуальнае афармленне ад Анастасіі Рыдлеўскай дапаўняе эмацыйны наратыў сімвалічнымі партрэтамі і вобразамі.
Жэня Давідзенка — рэжысёрка, драматургіня, актрыса, вядомая па такіх пастаноўках, як «Да дому наўпрост 10 гадзін язды», прэм’ера якога адбылася ў Гданьскім Шэкспіраўскім тэатры ў 2023 годзе. Сёлета яна працавала над праектам «Каменныя рэха» (Kamienne echa) — дакументальна-рамантычнай драмай пра Дольнае Месца ў Гданьску, а таксама выступіла рэжысёрам чыткі п’есы «K*rwa» у Варшаве ў межах фем-арт фестывалю «ROAR WOMEN». Толькі ў кастрычніку адбылася прэм’ера чыткі п’есы «Шахматы» (SZACHY) Марціна Балчэўскага ў рэжысуры Давідзенка ў межах 63-х Жэшаўскіх Тэатральных Сустрэч.
Частка прыбытку ад продажу білетаў на спектакль «Расстраляныя» будзе пералічана на падтрымку палітычных вязняў у Беларусі.
Сёння беларусы па ўсім свеце адзначаюць Ноч (не) расстраляных паэтаў. Знайсці імпрэзу ў сваім горадзе можна на адмысловым сайце, дзе размешчана мапа культурных падзей.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram