У новае выданне кнігі пра дыскрымінацыю беларускай мовы ўвойдуць як вядомыя, так і новыя гісторыі людзей, якія ўжываюць беларускую ў сваім жыцці. Аўтарка, праваабаронца і папулярызатарка беларускай мовы Аліна Нагорная на пачатку красавіка плануе прэзентацыю дапоўненага варыянту «МОВА 404», а гэтаксама анлайн-версіі кнігі ў Вільні.
— У новай рэдакцыі «МОВА 404» будуць гісторыі людзей, якія былі ў першай версіі, ды таксама новыя аповеды, — падзялілася з Reform.by Аліна Нагорная. — Таксама я вырашыла дадаць храналогію фактаў, якія адлюстроўваюць моўную палітыку апошніх некалькіх стагоддзяў. У кнізе будуць сустракацца развароты з адпаведнымі звесткамі.
Першую кнігу я рабіла хутка — адразу пасля родаў, яна была зроблена, лічы, на каленцы, — дадае праваабаронца. — Цяпер жа кніга будзе вельмі прыгожай, аздобленай цудоўнымі ілюстрацыямі, чаму я вельмі радая. Па выхадзе «МОВА 404» атрымае іншы фармат ды істотна прыбавіць у аб’ёме.
Наклад мінулага выдання быў 500 асобнікаў. Зараз Аліна Нагорная стаіць перад дылемай — ці надрукаваць ёй кнігу ў новай рэдакцыі ў 100 экзэмплярах ці «замахнуцца» на 1000.
— Зараз я вырашыла не друкаваць кнігу ў пэўным беларускім выдавецтве, — падзялілася абаронца беларускай мовы. — У Літве ёсць магчымасць самой здабыць ISBN для міжнароднай ідэнтыфікацыі, чым я і скарысталася. Зараз выбіраю паміж дзвюма літоўскімі тыпаграфіямі — дзе друкаваць гатовы макет. Справа ў тым, што мне дужа хочацца зрабіць прэзентацыю новай рэдакцыі «МОВА 404» 4 красавіка ў Вільні — дата 4.04. перагукаецца з назвай выдання. Дата ўжо зусім хутка, хочацца паспець.
Аліна Нагорная падкрэслівае, што на мерапрыемстве будзе прэзентавана і анлайн-версія кнігі. Хуткім часам гэты варыянт можна будзе знайсці на адмысловым сайце і спампаваць абсалютна бясплатна. Таксама зараз робіцца пераклад «МОВА 404» на рускую, англійскую, нямецкую мовы. Гэтыя пераклады будуць даступныя для чытачоў у будучыні.
— Мне вельмі важна данесці да рускамоўнай аўдыторыі, што за праблема існуе ў нашым грамадстве, — кажа папулярызатарка беларускай мовы. — Бо людзі, якія размаўляюць па-руску, не сутыкаюцца з моўнай дыскрымінацыяй, яны могуць пра яе не ведаць. Таму я і напісала гэту кнігу. Рэакцыя на выхад першай рэдакцыі кнігі была ў прынцыпе станоўчай, — дадае аўтарка, — але былі некалькі агрэсіўных эпізодаў, калі мне пісалі, што я дыскрыміную рускую мову. Я проста не звяртала на гэта ўвагі. Мне падаецца, што ігнараваць хейт — самая слушная пазіцыя, калі ведаеш, што маеш рацыю.
Акрамя перавыдання кнігі, Аліна Нагорная па-ранейшаму працягвае займацца абаронай моўных правоў.
— Беларуская мова працягвае з’яўляцца на розных таварах, сайтах, шыльдах, — дзеліцца Аліна. — Нядаўна была навіна, што ў Мінску стане на 5 тысяч шыльдаў на беларускай мове болей. Гэтай навіне папярэднічалі некалькі зваротаў, Я дапамагаю арганізоўваць адпраўку гэтых зваротаў, — прызнаецца яна.
У мерапрыемства, якое плануецца 4 красавіка, акрамя прэзентацыі кнігі, мусіць увайсці адкрыццё выставы. Праз інструмент фатаграфіі Аліна Нагорная гэтаксама хоча паказаць, як дыскрымінуецца беларуская мова.
Праз час і месца падзеі праваабронца паведаміць у бліжэйшы час у сваіх сацсетках.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: