У Кафедральным касцёле Святога Францішка Ксаверыя (Фарны касцёл) пасля паўтара года карпатлівай працы адбылося ўрачыстае адкрыццё адноўленага алтара Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Гэты барочны алтар, усталяваны ў канцы XVIII стагоддзя, ні разу не рэстаўраваўся і патрабаваў поўнай рэканструкцыі. Упершыню за больш чым сто гадоў з яго быў зняты абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі для працяглай рэстаўрацыі і аднаўлення пазалоты сусальным золатам 999 пробы.
Першай на сюжэт Grodno Plus TV звярнула ўвагу «Наша Ніва».
Рэстаўрацыя і праца майстроў
Каб выратаваць драўляную канструкцыю, майстрам прыйшлося разабраць яе па кавалачках да самай асновы. Галоўнымі ворагамі шэдэўра сталі час, вільгаць і шкоднікі.
Мастак-рэстаўратар Елісей Лёля апісаў працэс як амаль ювелірны: «Прыйшлося некаторыя элементы замяніць, некаторыя — умацаваць, пераклеіць кожную дошчачку, кожны сантыметр алтара перабраць».
Мастак-рэстаўратар Мікалай Лёля падкрэсліў, што галоўнай задачай было захаваць аўтэнтычнасць, а не ўнесці нічога новага: «Захаваць тое, што было, трохі панавіць… Па жывапісе зрабілі таніроўкі, бо дзесьці былі страты — але гэта вінаваты час».
Рэха вайны і будучыя планы
Неабходнасць маштабнай сістэматычнай рэстаўрацыі, якая вядзецца ў касцёле ўжо каля 20 гадоў, прадыктавана наступствамі Другой сусветнай вайны.
Пробашч касцёла ксёндз Ян Кучынскі паведаміў, што сёння адноўлена ўжо 8 з 13 алтароў. Аднак «рэха вайны» адчуваецца дагэтуль.
Наступным этапам стане выратаванне алтара Святога Казіміра, які знаходзіцца ў крытычным стане: «Ён знаходзіцца ў стане крытычным… ніхто яго не чапаў 80 гадоў», — адзначыў ксёндз Ян Кучынскі.
Адноўлены алтар Маці Божай Нястомнай Дапамогі стаў падарункам вернікам і турыстам да будучага юбілею: 6 снежня 2025 года гродзенскі Фарны касцёл адзначыць 320-годдзе асвячэння Базылікі Катэдральнай.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram