Фестываль «Блізкі Усход» у Любліне будзе прысвечаны Купалаўцам

Культура
Сцэна са спектакля "Экстрэмісты". Фота: ck.lublin.pl

Фестываль «Блізкі Усход» пройдзе ў Любліне з 8 па 14 снежня. Ён быў задуманы пасля пратэстаў 2020-га дзеля падтрымкі мастакоў, якія ў сваёй краіне не могуць свабодна тварыць.

Сёлета фестываль амаль цалкам прысвечаны Купалаўцам, адначасова будзе адзначацца пяцігоддзе існавання тэатральнай групы і 105-я гадавіна Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы.

Фестываль «Блізкі Усход» у Любліне будзе прысвечаны Купалаўцам
Сцэна са спектакля «Ваўкі». Фота: ck.lublin.pl

Як нагадваюць арганізатары, стагоддзе тэатра не магло быць адзначана ў краіне з-за рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі, а акцёры прынялі рашэнне сысці з тэатра і працаваць у падполлі. Фестываль у культурным цэнтры ў Любліне дае магчымасць адзначыць гэты юбілей разам з творцамі, якія знайшлі тут новы дом.

Куратарка фестывалю Ірына Лаппо нагадвае гісторыю тэатра: «Калі ў жніўні 2020 года акцёры і акцёркі Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы пакінулі будынак свайго тэатра, яны зрабілі крок у невядомасць. Але гэты крок стаў пачаткам нечаканага — з’яўлення новай, свабоднай, незалежнай сцэны, якая спачатку існавала ў падполлі, пазней у інтэрнэце, а пасля — у эміграцыі. Пяць сезонаў Купалаўцаў — гэта не проста храналогія, гэта рух супольнасці, якая ў самых складаных абставінах змагла не толькі захаваць сябе, але і пераасэнсаваць уласную місію.

Першы сезон — фаза «рэканструкцыі былой славы». Падпольныя паказы, анлайн-трансляцыі, вяртанне да «Тутэйшых», «Паўлінкі», класічнага драматычнага рэпертуару — гэта быў час, калі трупа спрабавала ўтрымаць нітку сувязі з той культурнай прасторай, якая імкліва разбуралася ўнутры краіны. У гэтых спектаклях адчувалася пагрозліва актуальная палітычнасць, сімвалічная прысутнасць голасу народа, які раптоўна страціў сваю сцэну.

Другі сезон — укараненне ў Польшчы, эміграцыйныя рэзідэнцыі і дыялог з новай культурнай прасторай. Тут Купалаўцы адкрылі іншы ўзровень дыскусіі: ад Пясецкага да Міцкевіча, ад польскай рамантычнай традыцыі да сучаснага беларускага досведу выгнання. З’явілася патрэба гаварыць пра тое, што адбываецца сёння, але трываць пры мовах і формах, якія былі зразумелыя і сваім, і суседзям.

Трэці сезон прынёс рэзкую эстэтычную змену. Аляксандр Гарцуеў адкрыў у трупе іншы вектар — вяртанне да сваёй літаратуры, да сваёй метафізікі, да вялікіх беларускіх гісторый. «Гусі – людзі — лебедзі», «Пляц Перамогі», «Сфагнум» — творы, якія зрабілі тэатр больш радыкальным, больш асабістым, больш беларускім. І адначасова — уразлівым перад рэальнасцю: буйныя праекты ў выгнанні аказаліся практычна немагчымымі.

Таму чацвёртая сезон — пошук новай мадэлі існавання. «Камедыя Юдзіфі», «Шэпт», «Moj Hleb» Гэта час камернасці, мабільнасці, творчай аскезы.

Фестываль «Блізкі Усход» у Любліне будзе прысвечаны Купалаўцам
Сцэна са спектакля «Валізка». Фота: ck.lublin.pl

А вось пяты сезон — гэта час яснасці. Купалаўцы становяцца тэатрам грамадзянскай адказнасці, тэатрам, які адкрыта гаворыць пра рэпрэсіі, памяць, траўму, супраціў. «Зэкамерон», «Экстрэмісты», «Валізка» — спектаклі, у якіх мастацкая форма і палітычная пазіцыя становяцца непадзельнымі. У 2024 годзе беларускі суд прызнаў лагатып, назву, сацсеткі, а пазней і сам тэатр «экстрэмісцкімі». Але разам з забаронамі прыйшло і разуменне: тое, што выціснута за межы краіны, можа быць мацнейшым, свабоднейшым і больш уплывовым.

Гісторыя Купалаўцаў — гэта гісторыя пераўтварэння інстытуцыі ў супольнасць, будынка — у сетку людзей і ідэй, нацыянальнага тэатра — у тэатр без межаў».

Фестываль «Блізкі Усход» у Любліне будзе прысвечаны Купалаўцам
Сцэна са спектакл «Зэкамерон». Фота: ck.lublin.pl

Для арганізатараў фестывалю «Блізкі Усход» – рэжысёра Паўла Пассіні і мастачкі Аляксандры Канарскай, якія супрацоўнічаюць з групай Вольныя Купалаўцы ад 2021 года, — важна не толькі прадставіць гэтыя спектаклі і кантэксты, але і стварыць прастору, у якой беларускі незалежны тэатр будзе існаваць у дыялогу з польскім, еўрапейскім і сусветным культурным полем.

Фестываль «Блізкі Усход» у Любліне будзе прысвечаны Купалаўцам

Сёлетняя праграма — гэта сем дзён сустрэч, дыскусій, паказаў, канцэртаў, чытак, лабараторнай працы і спектаклей — ад найноўшай прэм’еры «Ваўкі» паводле аповесці Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча» да найстарэйшага з захаваных спектакляў Вольных Купалаўцаў «Дзяды» з 2022 года.

З праграмай фестывалю можна пазнаёміцца тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости