Праект 361.1 падрыхтаваў унікальную кнігу «Гайд палітзняволення», заснаваную на малюнках палітвязняў. «Гэтыя малюнкі — сведчанні сілы, болю і надзеі, — тлумачаць у сацсетках прадстаўнікі ініцыятывы. — Наша мэта — не толькі распавесці пра тое, што перажываюць палітзняволеныя кожны дзень, але і нагадаць свету, што беларусы ўсё яшчэ тут, што нам патрэбная падтрымка, і што наш голас не павінен знікнуць».
Ідэя выдання ўзнікла пасля таго, як у рукі арганізатараў Праекта 361.1 трапілі малюнкі палітвязняў і рэальныя гісторыі іх досведу за кратамі. Гэтыя выявы паказалі і жахі, якія яны перанеслі, і сілу, якую яны мелі.
Фота: project361.1
Беларускамоўную версію можна замовіць праз інстаграм бясплатна. Хутка выйдзе і англамоўная версія.
Назва праекта 361.1 — адсылка да артыкула Крымінальнага кодэкса Беларусі «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім». Ён быў абраны назвай праекта таму, што лепш за ўсё характарызуе сённяшні стан краіны, дзейнасць рэжыму і стан правоў чалавека ў Беларусі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram