Праблемы беларускай дыяспары абмеркавалі на сустрэчы з міністрам адукацыі і навукі Польшчы Пшэмыславам Чарнэкам

Культура
Фота: Фэйсбук Аліны Коўшык.

Аліна Коўшык з прадстаўнікамі Аб’яданага пераходнага кабінета сустрэлася з міністрам адукацыі і навукі Польшчы Пшэмыславам Чарнэкам.

Пра гэта прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык напісала ў сваім фэйсбуку.

Святлана Ціханоўская падзякавала польскаму боку за прызнанне беларускіх дыпломаў, нягледзячы на дэанансацыю дамовы рэжымам.

«Мы звярнуліся з просьбаю падтрымаць арганізацыйна і фінансава стварэнне сеткі беларускіх школ выхаднога дня з беларускім кампанентам (мова, культура, гісторыя, геаграфія) для дзяцей вымушаных беларускіх мігрантаў у гарадах кампактнага пражывання дыяспары для процідзеяння палітыцы русіфікацыі і знішчэння нацыянальнай ідэнтычнасці, якая праводзіцца рэжымам Лукашэнкі пад уплывам Масквы, — паведамляе спадарыня Аліна. — Я звярнула ўвагу за праблему, што ў Беластоку вучні з Беларусі, якія вучацца ў адным класе з меншасцямі, маглі наведваць заняткі беларускай мовы. Заканадаўства не прадугледжвае для беларусаў субвенцыі, але калі настаўнік мае ўжо клас і вядзе заняткі з субвенцыі, нічога не перашкаджае, каб дзеці-беларусы далучыліся да такіх заняткаў, калі вучацца ў той самай школе і ў тым самым класе».

Па інфармацыі Міністэрства, на дадзены момант тысяча беларускіх студэнтаў атрымліваюць стыпендыі з праграмы Каліноўскага. Святлана Ціханоўская звярнула ўвагу на важнасць гэтай праграмы і патрэбы яе павелічэння для падтрымання рэпрэсаваных студэнтаў.

Была агучана ідэя стварэння праграмы навуковых грантаў для даследнікаў з Беларусі, якія страцілі працу з прычыны рэпрэсій, і павелічэння кафедраў беларусістыкі ў польскіх ВНУ.

Павел Латушка распавёў пра праграму «Кадравы рэзерв для Новай Беларусі» і дамовіўся пра магчымасць стажыровак ды візітаў сябраў праграмы ў Польскія навучальныя ўстановы і Міністэрства.

Для далейшага вырашэння адукацыйных пытанняў дамовіліся стварыць двухбаковую працоўную групу пры Міністэрстве адукацыі і навукі Польшчы.

«Шмат якія дэталі агучваць з дамоўленасцяў не можам, але ёсць вельмі добрыя перспектывы, – падсумоўвае Аліна Коўшык. — Працуем для беларусаў! Не спыняемся!».

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: