Выдавец Андрэй Янушкевіч падзяліўся ў сацсетках анонсам першага твора амерыканскага пісьменніка Стывена Кінга, які будзе апублікаваны ў яго выдавецтве па-беларуску.
Так, у снежні гэтага года «Янушкевіч» плануе выдаць раман «Ззянне» (The Shining) у перакладзе Насты Карнацкай і пры ўдзеле Сяргея Матыркі.
Плануецца, што «Ззянне» атрымае тры фарматы — папяровае выданне ў цвёрдай вокладцы, электронная кніга і аўдыякніга.
Наступны крокам выдаўца стане публікацыя новых твораў «караля жахаў», прызнаўся Янушкевіч «Нашай Ніве».
«Ззянне» — трэці выдадзены раман амерыканскага пісьменніка Стывена Кінга, напісаны ў жанрах псіхалагічнага жаху і гатычнай літаратуры. Упершыню кніга ўбачыла свет у 1977 годзе ў выдавецтве «Doubleday». Назва твору была натхнёная словамі з песні Джона Ленана «Instant Karma!». Фактычна гэта быў першы бэстсэлер пісьменніка ў цвёрдай вокладцы, які паспрыяў стварэнню статусу Кінга як аднаго з самых вядомых амерыканскіх аўтараў. Па выніках галасавання, арганізаванага часопісам Rolling Stone, «Ззянне» займае трэцяе месца ў дзясятцы найлепшых твораў аўтара. Некаторыя рэцэнзенты далучаюць раман да катэгорыі лепшых прац пісьменніка, да адной з самых вядомых, магутных і зачаравальных яго кніг. Раман быў адаптаваны для тэлебачання і тэатра, аднак найбольшую вядомасць атрымала кінастужка 1980 года рэжысёра Стэнлі Кубрыка з акцёрам Джэкам Нікалсанам у галоўнай ролі.
Нагадаем, што днямі выдавец Андрэй Янушкевіч падзяліўся навіной пра заключэнне кантракту з пісьменнікам Стывенам Кінгам. Амерыканскі аўтар пагадзіўся, каб яго творы былі перакладзены на беларускую мову, пры тым, што пасля ўварвання Расіі ва Украіну Кінг забараніў выдаваць свае кнігі ў Расіі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: