«Цяпер сусветнавядомы пісьменнік — наш аўтар», — паведаміў у сваіх сацсетках кіраўнік беларускага выдавецтва ў выгнанні Андрэй Янушкевіч.
«Плануем выдаць як яго класічныя творы, так і найноўшыя. Выданне беларускіх перакладаў асабліва важна таму, што аўтар забараніў выдаваць свае творы ў Расіі. Гэта быў ягоны адказ на ўварванне ў Украіну», — паведаміў спадар Андрэй.
Першую кнігу Стывена Кінга плануецца выдаць ужо сёлета.
«Што гэта будзе? Прыходзьце на кніжную выставу ў Беластоку ў пятніцу, суботу і нядзелю, і даведайцеся першымі наўпрост ад мяне», — анансаваў будучае выданне і прысутнасць свайго выдавецтва на беластоцкай кніжнай падзеі Андрэй Янушкевіч.
«Увогуле, усе гэтыя рэчы магчымыя дзякуючы чытачам, якія купляюць кнігі, данацяць на дзейнасць выдавецтва (як тут не згадаць Магістрат Кнігаўка), СМI, якія распаўсюджваюць інфармацыю пра новыя падзеі на кволым беларускім выдавецкім рынку, калегам і паплечнікам, якія робяць 90% справы. Дзякуй усім вялікі!», — падкрэсліў спадар Андрэй.
Кніжная выстава ў Беластоку, на якім заяўлена прысутнасць розных беларускіх выдавецтваў, адбудзецца 21-23 красавіка.
Стывен Эдвін Кінг — сусветнавядомы амерыканскі пісьменнік, які працуе ў разнастайных жанрах, уключаючы жахі, трылер, фантастыку, фэнтэзі, містыку, драму, дэтэктыў. Мае мянушку «Кароль жахаў». У свеце прададзена больш за 350 мільёнаў асобнікаў кніг аўтара, па якіх было знята мноства мастацкіх фільмаў і серыялаў, тэлевізійных пастановак, а таксама намаляваныя розныя Коміксы. Кінг апублікаваў 60 раманаў, напісаў каля 200 апавяданняў. У 2014 годзе ўзнагароджаны Нацыянальным медалём ЗША ў галіне мастацтваў з фармулёўкай «за спалучэнне захапляльных гісторый з аналізам чалавечай натуры». Пісьменнік вядомы сваёй непахіснай пазіцыяй у падтрымку Украіны. «Захоўвайце Украіну ў сваіх сэрцах і думках. Не падтрымлівайце тых згоднікаў, якія хочуць пакінуць яе», — напісаў Стывен Кінг у красавіку ў сваім твітары.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: