Пасля ўдару па Адэсе мінкульт Украіны плануе звярнуцца ў UNESCO: пацярпеў не толькі Спаса-Праабражэнскі сабор

Культура
Разбураны Спаса-Праабражэнскі сабор. Фота: тэлеграм-канал Міністэрства культуры і інфармацыйнай падтрымкі Украіны.

У выніку расійскага абстрэлу, які адбыўся сёння ўначы, быў пашкоджаны не толькі Спаса-Праабражэнскі сабор у цэнтры Адэсы, паведамляе Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны. Таксама ўчынена шкода іншым гістарычным будынкам — Дому навукоўцаў,  жылым дамам, будынку Адэскага дзяржаўнага музычнага ліцэя імя прафесара П. С. Сталярскага, а таксама аб’ектам партовай інфраструктуры. Інфармацыя аб разбурэннях і пацярпелых удакладняецца.

«Папярэдне за ноч у Адэсе расейскімі тэрарыстамі пашкоджаныя 25 помнікаў архітэктуры, — удакладняе начальнік Адэскага АВА Алег Кіпер. — Сярод іх пабудовы ХІХ-ХХ стагоддзяў».

«Міністэрства рыхтуе адпаведны зварот у Камітэт сусветнай спадчыны UNESCO і Камітэт Другога пратакола Гаагскай канвенцыі», — адзначаецца ў паведамленні мінкульта.

«Пасля кансультацыяў са спэцыялістамі ведамства Адэскі гарсавет праводзіць першаснае вызначэнне стану пашкоджаных аб’ектаў культурнай спадчыны і разам з праваахоўнымі органамі забяспечыць дакумэнтаванне расійскіх ваенных злачынстваў. Расія павінна панесці адказнасць за кожнае злачынства», — падкрэслівае інстытуцыя.

Пасля ўдару па Адэсе мінкульт Украіны плануе звярнуцца ў UNESCO: пацярпеў не толькі Спаса-Праабражэнскі сабор
Адэса. Фота: тэлеграм-канал Міністэрства культуры і інфармацыйнай падтрымкі Украіны.

Нагадаем, што ў студзені гэтага года Камітэт UNESCO унёс помнікі гістарычнага цэнтра Адэсы ў спіс Сусветнай спадчыны, якая знаходзіцца пад пагрозай.

«Гэты крок дазволіць абараніць культурную спадчыну Адэсы і зберагчы яе ад расейскіх захопнікаў, якія неаднаразова наносілі ракетныя ўдары па горадзе», — гаворылася  ў паведамленні Нацыянальнай камісіі Украіны па справах UNESCO.

Раней, у красавіку 2020 года, Вярхоўная Рада прыняла закон «Аб далучэнні Украіны да Другога пратакола Гаагскай канвенцыі аб абароне культурных каштоўнасцей у выпадку ўзброенага канфікту 1954 года». Прадугледжваецца, што з дня яго прыняцця Украіна можа звярнуцца ў UNESCO па тэхнічную дапамогу і атрымаць дадатковыя інструменты для аховы культурных каштоўнасцяў на часова акупаваных тэрыторыях, удакладняе Unian.net.

На дадзены момант таксама стала вядома пра знішчэнне Палацa культуры ў Часовым Яры, які выкарыстоўваўся як мясцовы гуманітарны штаб і месца аказання першай медыцынскай дапамогі.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: