Сёння ўначы памёр Віктар Суглоб — беларускі фатограф, калекцыянер фотаапаратаў, бізнесмен, заснавальнік музея-галерэі «Мир фото». Пра смерць творцы паведамілі ў Беларускім саюзе фатографаў.
У гісторыю беларускай фатаграфіі Віктар Пятровіч Суглоб увайшоў як фатограф і бізнесмен, кіраўнік фотацэнтра «Мир фото» ў Мінску. У 2000-я гады гэта была актыўная фотапляцоўка, якая спалучала ў сабе функцыі музея, галерэі і крамы фатаграфіі.
У ёй экспанавалася вялізная калекцыя савецкіх (і не толькі) фотаапаратаў, якія Віктар Суглоб збіраў на працягу свайго жыцця.
А таксама працавала на сталай аснове галерэя, дзе ладзіліся выставы беларускіх і замежных фатографаў. Віктар Суглоб увёў у штат адмысловую адзінку — мастацкага кіраўніка, куратара галерэі, што было незвычайна для прыватнай кампаніі. На гэту пасаду быў запрошаны Юрый Васільеў — безумоўны аўтарытэт у беларускай фатаграфіі, заслужаны работнік культуры Беларусі. Галерэя праіснавала пяць гадоў, зладзіўшы больш за 70 выстаў, 20 з якіх — міжнародныя.
«Мир фото» як галерэя перастала працаваць у 2010 годзе. Эканамічныя абставіны паўплывалі на гэта рашэнне.
Але Віктар Суглоб не развітваўся з ідэяй Музея фатаграфіі. З мэтай развіцця ўзаемастасункаў з Музеем гісторыі горада Мінска ён перадаў у экспазіцыю дзяржаўнай інстытуцыі на бязвыплатнай аснове частку сваёй калекцыі фотаапаратаў. (Цалкам яна налічвала больш за тысячу адзінак). «Маёй адзінай умовай была магчымасць правядзення выстаў у музеі», — казаў Віктар Суглоб.
На жаль, супрацоўніцтва з дзяржаўнай інстытуцыяй так і не ўдалося развіць у сталую пляцоўку для фатографаў. Пад пытаннем цяпер і лёс вялізнай калекцыі фотаапаратаў рупліўца. Можна сказаць, што на прыкладзе дзейнасці Віктара Суглоба мы бачым яшчэ адну нерэалізаваную мару стварэння сталай фатаграфічнай пляцоўкі ў Мінску.
У сваёй фотаграфічнай практыцы Віктар Суглоб на пачатку кар’еры захапляўся спартовай фатаграфіяй (ён сам майстар спорту па самба), шмат працаваў як рамеснік (рабіў фота дзяцей у дзіцячых садках, школках), але паступова прыйшоў да творчай фатаграфіі. Захапляўся пейзажнай фатаграфіяй, нацюрмортам, фатаграфіяй, створанай у тэхніцы «светлавы пэндзаль». Рабіў фотакалажы.






З’яўляецца адным з аўтараў і выдаўцом кнігі «1200 фотоаппаратов из СССР».
Нарадзіўся Віктар Суглоб у 1952 годзе ў вёсцы Неглюбка. Па адукацыі быў выкладчыкам фізкультуры (Гомельскі ўніверсітэт). «Тут і пачаўся мой шлях да фатаграфіі», — распавядаў ён.
Фатографу было 73 гады.
Развітанне з творцам адбудзецца 11 чэрвеня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
А каб не памёр — то х бы хто пра яго штось напісаў. Альбо медалькі, альбо нікралогі. Трэцяга ні дано